Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Азоўсталі» на тэрыторыю, кантраляваную расейцамі, вывезьлі 959 украінскіх вайскоўцаў


Украінскія вайскоўцы ў аўтобусе, які накіроўваецца на тэрыторыю, падкантрольную прарасейскім сэпаратыстам
Украінскія вайскоўцы ў аўтобусе, які накіроўваецца на тэрыторыю, падкантрольную прарасейскім сэпаратыстам

Украінскіх вайскоўцаў, якія выйшлі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, даставілі ў былую папраўчую калёнію ў сяле Аленаўка пад Данецкам, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў.

Папраўчая ўстанова знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў сэпаратысцкай «ДНР».

Паводле Міністэрства абароны Расеі, усяго з «Азоўсталі» вывезьлі 959 вайскоўцаў, зь іх 51 паранены дастаўлены ў шпіталь Новаазоўску ў Данецкай вобласьці, які таксама кантралюецца расейскімі войскамі і сэпаратыстамі.

Увечары 17 траўня агенцтва паведамляла, што з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі выехалі ня менш за сем аўтобусаў з украінскімі вайскоўцамі ў суправаджэньні прарасейскіх узброеных сілаў.

Украінскія вайскоўцы, якія трымалі абарону на «Азоўсталі», пачалі выходзіць адтуль з 16 траўня, далей іх перамяшчаюць на падкантрольныя Расеі тэрыторыі. У палку «Азоў» паведамілі, што выконваюць загад камандаваньня, украінскі Генштаб паведаміў, што іх будуць вяртаць «па працэдуры абмену». У Расеі гэта называюць здачай у палон, магчымасьць абмену пакуль ні Крэмль, ні Мінабароны не камэнтавалі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней адзначыў: «Дзякуючы дзеяньням украінскіх вайскоўцаў — Узброеных сілаў Украіны, выведкі, а таксама перамоўнай групы, Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і ААН — мы спадзяёмся, што атрымаецца захаваць жыцьці нашых хлопцаў. Хачу падкрэсьліць: украінскія героі патрэбныя Ўкраіне жывымі. Гэта наш прынцып. Думаю, гэтыя словы зразумее кожны адэкватны чалавек».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG