«Для нас гэта гонар і абавязак»,— Халезін пра супрацу Свабоднага тэатру з Батальёнам імя Каліноўскага

Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін

Рэжысэр Свабоднага тэатру Мікалай Халезін патлумачыў DW, навошта тэатар падпісаў пагадненьне аб гуманітарнай і культурнай супрацы з батальёнам імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Ўкраіну.

Праект супрацоўніцтва Беларускага свабоднага тэатру і батальёна імя Каліноўскага можна назваць партнэрствам, сьцьвярджае ў інтэрвію DW Мікалай Халезін.

«Яны зараз знаходзяцца на перадавой, ім патрэбная падтрымка, мы гэта разумеем, і чым можам, хацелі б дапамагаць. Але адразу варта агаварыцца, што гэта тычыцца хутчэй культурнай і гуманітарнай дапамогі. Мы ўсё ж такі не дзяржаўная структура, не структура, якая можа аказваць падтрымку ўзбраеньнем. У першую чаргу мы можам дапамагчы сродкамі засьцярогі, мэдыкамэнтамі. Батальён беларускі, знаходзіцца ў сытуацыі вялікіх рызык, і кожны з гэтых людзей нам дарагі», — сказаў кіраўнік Свабоднага тэатру.

Акрамя гэтага, па словах Халезіна, Свабоднаму тэатру хацелася б узмацніць голас байцоў батальёна імя Каліноўскага на міжнароднай арэне.

«Мы калектыў, які вядомы ў сьвеце, выступаем на сур’ёзных пляцоўках, маем зносіны зь вядучымі сусьветнымі СМІ і разумеем, што батальён Каліноўскага, як і іншыя беларускія атрады, якія ёсьць у складзе Ўзброеных сіл Украіны, павінен мець гэты голас. Гэта людзі, якія сёньня ваююць ня толькі за Ўкраіну, ня толькі за Беларусь, ідзе размова аб калектыўнай бясьпецы ў Эўропе, а можа і ў сьвеце.

Гэта быў сустрэчны маршрут: ім цікавы Свабодны тэатар як тая структура, якая неабыякавая да Беларусі, а нам — гэтыя хлопцы, якія выбралі вельмі цяжкі шлях. Унутры атрада ёсьць людзі, зь якімі мы знаёмыя, зь некаторымі — амаль 30 гадоў. Ёсьць узаемны давер, там служыць адзін з нашых актораў, таму для нас гэта, з аднаго боку, гонар, з другога — абавязак».

Халезін адзначыў, што ў яго не было сумневаў, ці ўдзельнічаць у такім праекце.

«Пытаньне было толькі ў тым, як нам прайсьці гэты маршрут. Мы разумелі, што будуць папрокі з боку ботаў і фрыкаў: „А пры чым тут тэатар увогуле?“. Зь іншага боку, урад Вялікай Брытаніі (тэатар базуецца ў Лёндане. — РС) можа сказаць: „Навошта грамадзкая арганізацыя займаецца ваеннай дзейнасьцю?“. Трэба было растлумачыць усім, што мы не займаемся ваеннай дзейнасьцю, мы клапоцімся аб здароўі і бясьпецы нашых суайчыньнікаў і людзей, якіх паважаем бязьмерна. Трэба было адказаць робатам, што значэньня ніякага няма, хто ты — артыст, сьпявак, мэталюрг ці работнік „Азоўсталі“. Мае значэньне адно: ты на баку дабра ці зла».

«Мы не меркавалі, што ў нашым жыцьці зьявіцца вайна»

Мікалай Халезін адзначыў, што цяпер Свабодны тэатар будзе зьбіраць інфармацыю пра батальён, размаўляць з байцамі.

«Нам вельмі цікавая трансфармацыя чалавека, ягоная сьвядомасьць у пэрыяд вайны. Мы не меркавалі, што ў нашым жыцьці зьявіцца вайна. Мы бачым яе кожны дзень. І калі мы гэта бачым, аказваемся ўнутры працэсу. А сьвядомасьць людзей, якія знаходзяцца на перадавой, мяняецца зь першага бою — і далей, і далей. І вось гэты працэс — што адбываецца з чалавекам у такіх экстрэмальных умовах, як ён знаходзіць у сабе сілы працягваць, як можна не ўпусьціць у сябе гэты жах, каб ён не разбурыў цябе яшчэ да таго, як гэтая вайна будзе скончана, — вельмі важны.

Гэта размова (можа, спэктакль, можа, фільм) пра тое, што мы мусім паспрабаваць зразумець нашых людзей. Гэта нашы людзі, яны там, у тым ліку, выконваюць нашу баявую задачу, якую ня кожны з нас можа выканаць. Мы павінны зразумець, хто гэтыя героі, чаму яны на гэта пайшлі, што імі рухае і да чаго прывядзе», — сказаў Мікалай Халезін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Батальён імя Каліноўскага і Беларускі Свабодны тэатар заключылі пагадненьне аб гуманітарнай і культурнай супрацы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайне ва Ўкраіне загінуў камандзір атраду Павал «Волат» — шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.