«Месца майго жыцьця і сьмерці». Фота апошніх дзён абароны «Азоўсталі» ад аднаго з украінскіх байцоў

Адзін з абаронцаў Марыюпалю ў падвалах «Азоўсталі». Фота Дзьмітрыя Казацкага

Унікальныя фота з заводу «Азоўсталь» перадаў перад здачай у палон расейскім войскам адзін з украінскіх салдат Дзьмітры Казацкі.

У пятніцу, 20 траўня, адзін з апошніх украінскіх абаронцаў Марыюпалю, што заставаліся на заводзе «Азоўсталь», Дзьмітрый Казацкі (пазыўны «Орэст») напісаў у твітэры:

«Пакуль я буду ў палоне, пакіну вам свае фатаграфіі ў самай лепшай якасьці. Адпраўляйце іх на ўсе журналісцкія прэміі і фатаконкурсы, калі я што-небудзь выйграю, пасьля выхаду [з палону] будзе вельмі прыемна. Дзякуй усім за падтрымку! Да сустрэчы».

Дзьмітры Казацкі вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Польшчы. Вярнуўся на радзіму ў 2014 годзе, калі пачаўся Майдан. Праходзіў вайсковую службу ў Марыюпалі з 2015 году. У 2017 годзе ўступіў у полк «Азоў».

Нядзеля, 15 траўня. Дзьмітры Казацкі сьпявае пад грукат чарговага абстрэлу «Стэфанію» — песьню ўкраінскага гурту Kalush Orchestra, зь якой яна перамагла на «Эўрабачаньні»:

Калі кальцо атачэньня вакол гораду сьціснулася, вымусіўшы ўкраінскіх вайскоўцаў схавацца ў сутарэньнях «Азоўсталі», Казацкі стаў свайго роду «вачыма» трагедыі, якая там адбывалася: ён штодня здымаў на сваю камэру, як сотні і тысячы людзей, у тым ліку мірных жыхароў, спрабавалі выжыць пад бесьперапыннымі расейскімі бамбёжкамі і ракетнымі ўдарамі. Выжыць зь цяжкімі раненьнямі і бязь лекаў для іх лячэньня, бяз чыстай пітной вады і практычна бязь ежы.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

Многія фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага абляцелі першыя палосы сусьветных СМІ.

Кажучы «да сустрэчы» сваім чытачам у твітэры, ён пакінуў спасылку на апошнія свае здымкі, якія яму ўдалося загрузіць у сетку.

Баі за Марыюпаль ішлі амаль тры месяцы. У пятніцу міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што за апошнія дні ў палон здаліся 1908 украінскіх вайскоўцаў, што заставаліся на «Азоўсталі». Украіна гэтую лічбу не камэнтуе, а вываз сваіх вайскоўцаў з заводу на кантраляваную Расеяй тэрыторыю называе «эвакуацыяй» — хоць украінскія ўлады і кажуць, што неўзабаве «эвакуаваныя» будуць абмененыя на расейцаў, узятых у палон УСУ.

Днём 20 траўня камандзір палку «Азоў» Дзяніс Пракапенка апублікаваў відэазварот. Ён пацьвердзіў, што камандаваньне ўкраінскага войска аддала яму і яго таварышам загад спыніць абарону дзеля захаваньня жыцьця байцоў.

«Цывільных удалося эвакуаваць. Цяжка параненыя атрымалі неабходную дапамогу, іх удалося эвакуаваць з далейшым абменам і дастаўкай на тэрыторыю, падкантрольную Ўкраіне. Што да загінулых герояў, працэс працягваецца. Спадзяюся, што найбліжэйшым часам родныя і ўся Ўкраіна змогуць з ушанаваньнямі пахаваць сваіх воінаў», — заявіў Пракапенка.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

«Я ўжо ня ведаю, што нам трэба зрабіць, каб выбрацца з Марыюпалю жывымі, выратаваць жыцьцё абаронцам, якія выконваюць загад да апошняга, колькі яшчэ трымацца? Да каго зьвяртацца? Уладзімір Зяленскі, калі будуць якія-небудзь дзеяньні? Наш час заканчваецца», — напісаў Казацкі 3 траўня.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

Украінскім вайскоўцам удалося пратрымацца на «Азоўсталі» яшчэ два з паловай тыдні, скоўваючы расейскія войскі і вымушаючы іх працягваць спробы штурму заводу. Прэзыдэнт Украіны толькі паўтараў, што ў войска няма магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

17 траўня Казацкі даў інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Громадське».

«Я быў вайскоўцам, і мы рыхтаваліся да абароны гораду, але я наогул не чакаў, што з Марыюпалем будзе такая сытуацыя. Мы чакалі, што яны могуць пайсьці з усходняга боку, з так званай „ДНР“ ці з мора. Аднак ня думалі, што яны так разбураць горад», — казаў ён.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

Па дадзеных Генштабу Ўзброеных сіл Украіны, абарона Марыюпалю «не дазволіла праціўніку вызваліць групоўку колькасьцю ў 17 батальённых тактычных груп (каля 20 тысяч чалавек) на іншыя напрамкі. Тым самым украінскія вайскоўцы перашкодзілі расейскім войскам рэалізаваць плян хуткага захопу Запарожжа, ажыцьцявіць выхад на адміністрацыйныя межы Данецкай і Запароскай абласьцей, а таксама стварыць умовы для акружэньня групоўкі Апэрацыі Аб'яднаных Сіл».

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага (Ореста), пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

Пакуль незразумела, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў застаюцца на «Азоўсталі». У любым выпадку, у іх ліку былі далёка ня толькі байцы «Азова»: гэта таксама вайскоўцы 12-й брыгады Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, 36-й асобнай брыгады марской пяхоты, памежнікі, паліцыянты, добраахвотнікі, тэрытарыяльная абарона Марыюпалю — гэта значыць, звычайныя мірныя людзі, якія ўзялі ў рукі зброю, каб бараніць свой горад.

Апошнія дні «Азоўсталі». Фатаграфіі Дзьмітрыя Казацкага, пакінутыя ім перад здачай у палон расейскім войскам

20 траўня расейскія СМІ паведамілі, што камандзір 36-й брыгады Сяргей Валынскі таксама выйшаў з «Азоўсталі» і здаўся расейскім вайскоўцам. Украінскі бок па стане на вечар пятніцы гэтую інфармацыю не пацьвердзіў.

«Здаецца, быццам я апынуўся ў нейкім пякельным рэаліці-шоў, дзе мы, вайскоўцы, змагаемся за жыцьцё, выкарыстоўваем кожны шанец для выратаваньня, а ўвесь сьвет проста назірае цікавы сюжэт! Такія сцэнары выкарыстоўваюцца ў фільмах і сэрыялах. Розьніца толькі ў тым, што гэта ня фільм, а мы — ня выдуманыя пэрсанажы! Гэта рэальнае жыцьцё! Боль, пакуты, голад, мукі, сьлёзы, страх, сьмерць — усё сапраўднае!» — пісаў Валынскі 7 траўня. Гэты пост і цяпер застаецца апошнім у яго фэйсбуку.

«Асабіста мяне матывуюць і трымаюць думкі аб лепшай будучыні для ўсіх нас, аб перамозе. Таксама прыемна, што ўсе абаронцы Марыюпалю і „Азоўсталі“ зараз сталі сымбалем стойкасьці ня толькі для Ўкраіны, але і для сусьветнай супольнасьці. Я спадзяюся, што іншыя нашы вайскоўцы глядзяць на нас, матывуюцца і працягваюць трымаць абарону», — казаў Дзьмітры Казацкі ў інтэрвію «Грамадзкаму» за тры дні да таго, як здаўся ў палон.

Дзьмітры (Орест) Казацкі, украінскі салдат і фатограф з Марыюпалю

«Нам застаецца толькі маліцца за хлопцаў і верыць, што ўсе яны вернуцца жывымі героямі», — пішуць камэнтатары на яго старонцы ў фэйсбуку пасьля разьвітальнага паста Казацкага з «Азоўсталі».

Арыгінал публікацыі Марка Крутава на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.