Пра гэта ў Frankfurter Allgemeine Zeitung піша нямецкі гісторык Фэлікс Акерман, супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытуту ў Варшаве, у сувязі зь нядаўнім ператрусам у кнігарні «Кнігаўка», канфіскацыяй кніг і арыштамі кнігавыдаўца Андрэя Янушкевіча і блогеркі Насты Карнацкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніцу крамы «Кнігаўка» Карнацкую асудзілі на 13 дзён арышту- Як паведамлялася раней, Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую затрымалі пасьля ператрусу ў новай кнігарні выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка», якая адкрылася 16 траўня. Насту Карнацкую пакаралі арыштам на 13 дзён, а Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Адначасова ўлады канфіскавалі 200 кніг выдавецтва «Янушкевіч».
«Выдавецтва Андрэя Янушкевіча ў сакавіку было нечакана выселена з памяшканьня. Пасьля абвесткі ў інтэрнэце аб тым, што кнігі, якія там захоўваюцца, выстаўленыя на спэцыяльны продаж, утварылася доўгая чарга салідарнасьці — адзін зь нямногіх масавых сходаў на вуліцах сталіцы пасьля спыненьня пратэстаў», — піша Фэлікс Акерман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паляваньне на «Кнігаўку». Прапагандысты вучаць журналістаў называць рэчы сваімі імёнаміНямецкі гісторык адзначае, што на пачатку 2021 году сыстэматычны перасьлед беларускамоўных кніг і іх выдаўцоў перайшоў у наступную фазу:
«Працэдура заўсёды аднолькавая: падчас ператрусаў людзі ў форме канфіскуюць пэўныя асобнікі, якія затым аддаюць на экспэртызу. Калі да 2020 году гэта рабілі навукоўцы, некаторыя зь якіх адмаўляліся супрацоўнічаць або выступалі супраць забаронаў, то цяпер ахвотныя публіцысты на дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай жоўтай прэсе „Советская Белоруссия“ выкарыстоўваюцца для ідэалягічнай кампаніі супраць прыхільнікаў шырокага пратэсту.
Такім чынам, у сакавіку 2021 году анталёгія размоў пра „Беларускую нацыянальную ідэю“ пад рэдакцыяй варшаўскага журналіста Змітра Лукашука была прызнана экстрэмісцкай. Прэдыкат экстрэмізму суправаджаецца крыміналізацыяй аўтараў, выдаўцоў, кнігагандляроў і чытачоў. Разам з тым ускосным прызнаньнем зьяўляецца тое, што гэта тэксты, якія чытаюцца дзяржаўнымі органамі і ацэненыя як палітычна і сацыяльна эфэктыўныя. Раман „Сабакі Эўропы“ пісьменьніка-выгнаньніка Бахарэвіча цяпер атрымаў гэты сумнеўны гонар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігі пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»«Тое, што Андрэй Янушкевіч нядаўна адкрыў новую стацыянарную кнігарню „Кнігаўка“, усяго за некалькі дамоў ад навучальнага цэнтру КДБ, адразу было ўспрынята як рэальная пагроза дзяржаўнаму парадку. Публічнае зьяўленьне дзясяткаў пакупнікоў, якія жадаюць набыць беларускія кнігі, разглядаецца як ідэалягічная пагроза. У аўторак выдаўца наведалі вядучыя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ. Перад уключанай камэрай мабільнага тэлефона яны падышлі да Янушкевіча і пыталіся, чаму ён прадае аўтабіяграфію паэта і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Не засталося незаўважаным і беларускае выданьне „1984“. Празь некалькі гадзін за імі прыйшлі людзі ў форме і захапілі дзьвесьце кніг. Цяпер рыхтуецца экспэртнае заключэньне адносна пятнаццаці выданьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўка на сілавікоў і ніякай ідэалёгіі. Таталітарызм вяртаецца ў Беларусь у новым выглядзе