Чатыры гады калёніі за абразы на адрас Лукашэнкі
На закрытым пасяджэньні суду Наваполацку 20 траўня быў вынесены прысуд жыхару гэтага гораду Міхаілу Лабаню. Яго абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі (ч.1 арт. 367), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).
Судзьдзя Віталь Лапко прызнаў яго вінаватым і па сукупнасьці пакараньняў канчаткова прысудзіў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь.
Супраць Сьцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка з Nexta пачалі крымінальную справу за кіраваньне тэрарыстычнай арганізацыяй
Заснавальніка тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілу і супрацоўніка Nexta Яна Рудзіка Сьледчы камітэт называе кіраўнікамі тэрарыстычнай арганізацыі.
«З 2020 году абвінавачаныя выкарыстоўвалі свае інфармацыйныя рэсурсы для дэстабілізацыі становішча на тэрыторыі Беларусі і радыкалізацыі так званых акцый пратэсту, — гаворыцца ў заяве Сьледчага камітэту. — Вышэйназваныя тэрарысты неаднаразова заклікалі да распальваньня сацыяльнай варожасьці і непрыязі, да блякаваньня дарог і каардынацыі вулічных беспарадкаў, учыненьня тэрактаў на чыгунцы і дывэрсій на прадпрыемствах, якія маглі прывесьці да тэхнагенных катастроф».
Паводле часткі 1 артыкула 290-5 Крымінальнага кодэксу, пра якія гаворыцца ў паведамленьні СК, можа пагражаць да 15 гадоў зьняволеньня.
ГУБАЗіК хваліцца, што нібыта затрымаў некалькі адміністратараў ТГ-каналаў Nexta
ТГ-канал ГУБАЗіК піша, што затрымалі некалькіх адміністратараў тэлеграм-каналаў, якія працавалі на Nexta. Пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніц пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі прызнаў: Польшча адмовіла ў выдачы Пуцілы, а Літва — ЦіханоўскайЧарговыя затрыманьні ў Менску
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Максіма Чувінава. Хлопец трапіў на фатаздымак жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 году — па гэтым фатаздымку яго і вылічылі. Яму інкрымінаваны артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. альбо актыўны ўдзел ў іх), паведамляе «Вясна».
Таксама ГУБАЗіК затрымаў Андрэя Дараховіча. Той працаваў настаўнікам гісторыі ў менскім Лінгвагуманітарным каледжы. Сілавікі абвінавачваюць яго ў рэгістрацыі ў пляне «Перамога», удзеле ў пратэстах і «ўцягваньні ў іх малалетніх дзяцей». ГУБАЗіК сьцьвярджае, што на Андрэя паскардзіўся адзін са студэнтаў.
Палітвязьня асудзілі на 4,5 года калёніі за стварэньне закрытага дваровага тэлеграм-чату
У Віцебскім абласным судзе ў закрытым судовым працэсе на чатыры з паловай гады зьняволеньня асудзілі 36-гадовага палітвязьня Паўла Сакалова. Судзьдзя Яўген Буруноў прызнаў яго вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 293 (навучаньне дзеля ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня). За кратамі Паўла трымаюць восем месяцаў, паведамляе «Вясна».
Даведацца падрабязнасьці справы палітвязьня амаль немагчыма: адвакат і жонка — пад падпіскай аб неразгалошваньні, а суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома толькі, што падчас сьледчых дзеяньняў у тэлефоне Паўла знайшлі закрыты дваровы тэлеграм-чат, у якім знаходзіліся ўсяго тры чалавекі. У адным са сваіх паведамленьняў мужчына зрабіў рэпост відэа, якое было прызнанае «экстрэмісцкім», але ўжо пасьля яго затрыманьня.
За імправізаванае пахаваньне Лукашэнкі — да 4,5 года пазбаўленьня волі
У судзе Віцебскага раёну 20 траўня завяршыўся судовы працэс над палітвязьнямі Ірынай Пярцовай, Арцёмам Латышавым, Кацярынай Макарэвіч і Юліяй Лабуновай, вядомымі як удзельнікі «віцебскіх пэрформансаў», паведамляе «Вясна».
Іх затрымалі ў верасьні 2021 году, 7 месяцаў да суду яны правялі ў Віцебскім СІЗА. Іх судзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч.2 арт. 339; ч.1 арт. 342; арт. 341.
У прыватнасьці, іх вінавацілі ў псаваньні банэра з выявамі супрацоўнікаў ДАІ, інсцэніроўцы «пахаваньня Аляксандра Лукашэнкі» на віцебскіх могілках «Арэхава», дэманстратыўным спаленьні дзяржаўных газэт і ў тым, што яны разьбілі імправізаваны тэлеэкран з наклееным партрэтам Грыгорыя Азаронка.
Судзьдзя Міхаіл Зубеня прысудзіў абвінавачаным наступныя тэрміны:
- Ірыне Пярцовай — 2 гады калёніі агульнага рэжыму;
- Юліі Лабуновай, Кацярыне Макарэвіч — 3,5 года калёніі агульнага рэжыму;
- Арцёму Латышаву — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Пярцовай — 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Прысуд журналістам «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко пакінулі ў сіле
20 траўня Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю на прысуд рэдактарам «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко. Ён застаецца ў сіле: два з паловай гады калёніі.
Марціновіча і Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году. Крымінальную справу супраць іх завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Журналістаў судзілі па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізычных, а не юрыдычных асоб.
Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Марціновіч і Скурко пагасілі шкоду да суду, «Менскводаканал» і «Менскэнэрга» адклікалі пазовы.
Прысуд журналістам вынесьлі 15 сакавіка, цяпер яны ў турме ў Магілёве.
Прамысловага альпініста з Магілёўскай вобласьці затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў пляне «Перамога»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 48-гадовага Паўла Якімюка. У «пакаяльным» відэа ён кажа, што ўвосень 2021 году зарэгістраваўся ў пляне «Перамога», бо быў ня згодны з вынікамі выбараў.
Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», паводле папярэдняй інфармацыі, Паўлу Якімюку інкрымінавалі артыкул 361-1 КК Беларусі («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»). Паводле гэтага артыкула можа пагражаць да 6 гадоў зьняволеньня.
Маладога настаўніка затрымалі за «ўдзел у пратэстах і ўцягваньне ў іх дзяцей»
Сілавікі напісалі пра затрыманьне 31-гадовага Андрэя Дараховіча. Ён працаваў настаўнікам гісторыі ў менскім Лінгвагуманітарным каледжы.
Андрэй мае жонку і дваіх дзяцей. Вядома, што яго затрымлівалі на акцыі 14 ліпеня 2020 году, калі людзі пратэставалі супраць незаконнай нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Сілавікі абвінавачваюць настаўніка ў рэгістрацыі ў пляне «Перамога», удзеле ў пратэстах і «ўцягваньні ў іх малалетніх дзяцей».
Два гады калёніі агульнага рэжыму за абразу Лукашэнкі
У судзе Полацку і Полацкага раёну 20 траўня вынесьлі прысуд па крымінальнай справе жыхаркі гарадзкога пасёлку Ветрына Сьвятланы Фірсавай. Яе абвінавацілі паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу за камэнтар «Дебил бл***ть» да відэа з прамовай Лукашэнкі, напісаны яшчэ ў 2021 годзе, паведамляе «Вясна».
У лютым Сьвятлане прысудзілі 200 базавых велічынь штрафу за «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341 КК). Згодна з абвінавачаньнем, Фірсава зь іншай жанчынай наносілі надпісы і бел-чырвона-белыя выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце.
Судзьдзя Ўладзімір Бясецкі прысудзіў Фірсавай два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф па першым прысудзе 6400 рублёў.