Цяпер Андрэй перабраўся ў Польшчу і валянтэрыць на памежжы.
Ягоныя паслугі, у тым ліку транспартныя, карыстаюцца попытам ва ўцекачоў. Андрэй палічыў, што за два месяцы «працы» на мяжы перавёз каля 15 тысяч украінцаў.
«На другі дзень пасьля пераезду ў Польшчу пафарбаваў бус у колеры ўкраінскага сьцяга»
У Віцебску ён меў бел-чырвона-белы «VW Transporter 3». На ім езьдзіў на акцыі. Пасьля бусік канфіскавала міліцыя.
«Прычым незаконна, без аніякіх дакумэнтаў ці падстаў», — кажа Андрэй.
Зь сяброўкай Каралінай Цярэнцьевай Андрэй выехаў у Кіеў. Плянавалі ехаць у Польшчу, нават зрабілі візы.
«Але Кіеў так спадабаўся! Ужо праз тыдзень я адчуваў сябе як дома. Вырашылі застацца там. Знайшлі працу, пачалі абжывацца», — кажа беларус.
Ён удзельнічаў у беларускіх акцыях салідарнасьці на Майдане і хацеў аднавіць свой праект «Жывемабіль». Для гэтага купіў мікрааўтобус «VW Transporter 3». Плянаваў пафарбаваць у бел-чырвона-белы колер. Не пасьпеў — пачалася вайна. Андрэй зь сяброўкай вырашылі ехаць у Польшчу. Шлях, як ва ўсіх уцекачоў, быў нялёгкі. Тры дні стаялі на мяжы. Урэшце дабраліся да Варшавы.
«На другі дзень у Варшаве мы пафарбавалі бус у колеры ўкраінскага сьцяга. Назвалі яго „Украінамабіль“. Вырашылі дапамагаць уцекачам з Украіны. Спачатку вазілі гуманітарную дапамогу па Варшаве. Потым „уладкаваліся“ на мяжу, разам з актывісткамі супольнасьці „Партызанка“», — кажа Андрэй.
На мяжы маладыя людзі ўжо два месяцы. Яны аказваюць інфармацыйную дапамогу ўцекачам, вырашаюць іх побытавыя праблемы, перавозяць.
«За дзень я ў сярэднім перавожу каля 300 чалавек», — кажа беларус.
«Не бывае такога, каб на мяжы было зацішша»
У параўнаньні зь першым месяцам вайны плынь уцекачоў з Украіны зьменшылася. Але, кажа Андрэй, яна ўзрастае пасьля бамбаваньняў.
«Пачыталі навіны, што бамбілі Львоў і Адэсу, — праз паўдня-дзень пачынаецца плынь уцекачоў адтуль. І цяпер людзі вырываюцца з Марыюпаля і Харкава. Часта — без капейкі грошай. Бо даехаць да ўкраінскай мяжы, скажам, з Харкава, каштуе нямала. Ад мяжы іх трэба адвезьці ці на „пункт прыёму“, створаны ў гандлёвым цэнтры Tesko ў Перамысьлі, ці на чыгуначны вакзал, ці ў зваротным кірунку», — тлумачыць Андрэй.
Ёсьць на памежжы і „дзяржаўныя“ бясплатныя аўтобусы. Але, кажа Андрэй, апошні ад мяжы ідзе а 9-й вечара, першы — а 5-й раніцы.
«Ноччу людзі на мяжы могуць начаваць добра калі ў намётах», — зазначае ён.
Андрэй кажа, што валянтэрскі транспарт на мяжы запатрабаваны. Ягоны „Ўкраінамабіль“ ня толькі курсуе па маршруце мяжа — Tesko — вакзал.
«Адвозіў адну вялікую сям’ю ў вёску, куды ня ходзяць ані цягнікі, ані аўтобусы. У той вёсцы ўкраінцам далі жытло, толькі трэба было даехаць», — расказвае беларус.
Ён разам з камандай валянтэраў (а гэта ў асноўным беларусы) здымаюць трохпакаёвую кватэру ў Перамысьлі.
«Калі нас шмат — сьпім па чарзе. Нехта вяртаецца з начной зьмены і кладзецца спаць. Іншыя падымаюцца на сваю зьмену», — кажа Андрэй.
«Вэтэран вызваляў Прагу, цяпер паехаў туды ратавацца ад расейскіх бомбаў»
Андрэй расказаў пра адзін з выпадкаў на вакзале, які яго ўразіў, — дапамога 96-гадоваму вэтэрану вайны Барысу Сямёнаву. Ён з украінскага Нікапаля. У час Другой сусьветнай вайны служыў у розных падразьдзяленьнях.
«Ён шмат расказваў — як гарэў у танку, як ледзьве не застаўся бяз ног, як мужна ваяваў і меў мэдалі і ордэны. Барыс Фёдаравіч вызваляў Прагу. Цяпер жа паехаў туды, бо мае там знаёмых і сяброў, ратавацца ад расейскіх бомбаў», — успамінае Андрэй.
Ён кажа, што дапамог вэтэрану дабрацца да цягніка, які павёз яго ў другі раз у жыцьці ў Прагу.
«Барыс Фёдаравіч ня мог зразумець, як так, што на іх расейцы напалі, зь якімі раней ён поруч ваяваў у час Другой сусьветнай», — дадаў валянтэр.
Андрэй перавозіў мужа і жонку, пэнсіянэраў, якія ўцяклі ад бамбаваньняў. У жанчыны была зламаная нага.
«Але яны цягнулі на сабе двух вялізных старых сабак, такіх, што тры крокі ня могуць ступіць. Ды яшчэ і цяжкія — кіляграмаў па 50. Яны ехалі фактычна ў нікуды — і ня кінулі жывёлаў. Па дарозе яшчэ аднаго сабаку, невялікага, праўда, „зачапілі“. Такія выпадкі адкладаюцца ў памяці», — кажа Андрэй.
Ён плянуе заставацца на мяжы і дапамагаць, «пакуль тут ёсьць попыт на нашу дапамогу».
«Наперад я цяпер не загадваю. Пакуль плянаў абжыцца ў Польшчы ў мяне няма. У Кіеве я адчуваў сябе як дома. Хачу вярнуцца ў Кіеў. І ў Беларусь хачу вярнуцца. Але пакуль ні туды, ні туды не магу. Спадзяюся, што хутка ўсё скончыцца», — кажа беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бацькоў віцебскага актывіста, які эміграваў празь перасьлед, арыштавалі маёмасьць