«Рыхтаваліся захапіць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі». Якія абвінавачаньні гучаць на працэсе ў «справе Аўтуховіча»

Пачатак працэсу ў «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022

У судзе ад раніцы зачытваюць абвінавачаньні фігурантам справы. Палітвязьняў Аўтуховіча і Гундара вярнулі ў судовую залю.

Супрацоўніца дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь сегодня» апублікавала некаторыя вытрымкі з абвінавачваньняў, піша «Вясна».

«Групоўка Аўтуховіча па ўказаньні ўкраінскіх спэцслужбаў рыхтавалася захапіць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Для катаваньняў, перадачы атрыманых у іх зьвестак».

Падзеі, у якіх вінавацяць фігурантаў, адбыліся ў кастрычніку 2020 году. Таксама стала вядома, што Мікалая Аўтуховіча і Вольгу Маёраву абвінавачваюць у стварэньні і адміністраваньні тэлеграм-каналу «ДаВолі!», дзе, паводле сьледзтва, публікавалася «экстрэмісцкая» інфармацыя, заклікі да пратэстаў і гвалтоўнага захопу ўлады.

Таксама на судзе прагучала інфармацыя, што Гундар разам з Аўтуховічам нібыта дапамагаў у аб’яднаньні іх групоўкі зь «міжнароднай злачыннай арганізацыяй». Нібыта абвінавачаныя па нелегальным калідоры езьдзілі ва Ўкраіну, дзе мясцовыя спэцслужбы прызначылі Аўтуховіча «кіраўніком іх ячэйкі на тэрыторыі Беларусі». Усё гэта, як перадае супрацоўніца «СБ», «стваралася менавіта для тэрактаў і захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Таксама на працэсе па «справе Аўтуховіча» зачыталі абвінавачваньне Паўлу Саву, паведамляе «Вясна».

Яму інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, зьдзейсьнены групай асобаў).

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, разам з Аўтуховічам яны плянавалі зьдзяйсьненьне тэрактаў; здрадзілі дзяржаве, надаючы «дапамогу Ўкраіне ў правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Як сьцьвярджаецца ў матэрыялах сьледзтва, разам з кіраўніком групы — Аўтуховічам — яны набывалі ва Ўкраіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны ў тэрарыстычнай дзейнасьці; незаконна іх дастаўлялі ў Беларусь; рабілі сховы гэтага ўзбраеньня на тэрыторыі Беларусі.

Павал Сава так пракамэнтаваў абвінавачваньне на судзе: «Прызнаю дзеяньні, але не прызнаю артыкулы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў Аўтуховіча і Гундара вярнулі ў судовую залю

18 траўня ў Горадні пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы. Працэс праходзіць у памяшканьні для суду ў турме № 1. Пасьля абеду Аўтуховіча выдалілі з залі суду да канца працэсу, таксама выдалілі яшчэ аднаго падсуднага — Уладзімера Гундара. Але раніцай 19 траўня іх вярнулі ў залю. Справу разглядае судзьдзя Максім Філатаў.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў КК Беларусі. 6 зь іх — асабліва цяжкія злачынствы, адзін прадугледжвае найвышэйшую меру пакараньня (расстрэл або пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) — ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Справа налічвае 65 тамоў.

Падсудныя знаходзяцца ў некалькіх клетках, для дваіх зрабілі асобныя мэталічныя клеткі, у тым ліку для Мікалая Аўтуховіча і Любові Разановіч, якія, паводле сьледзтва, нібыта зьяўляюцца «асабліва небясьпечнымі».

За што судзяць Аўтуховіча?

Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка неўзабаве заявіў, што Аўтуховіч стварыў банду і «рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне». Прапагандысты зьнялі шэраг сюжэтаў, дзе апавядалі пра нібыта пляны Аўтуховіча рабіць тэракты.

Паводле Генэральнай пракуратуры, Аўтуховічу выставілі наступныя абвінавачаньні:

  • стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
  • замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне выстаўлена толькі Аўтуховічу;
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  • заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
  • замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
  • незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
  • укрываньне цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).

У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і чальцы так званай «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».

Разам з Аўтуховічам судзяць:

  • Паўла Саву
  • Уладзімера Гундара
  • Галіну Дзербыш
  • Вольгу Маёраву
  • Віктара Сьнегура
  • праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам
  • Ірыну Мельхер з сынам Антонам
  • Ірыну Гарачкіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст пра магчымы вырак Аўтуховічу: «Расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не прывялі да гібелі людзей»

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.