Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў Аўтуховіча і Гундара вярнулі ў судовую залю


Пачатак працэсу ў «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022
Пачатак працэсу ў «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022

У Горадні ў памяшканьні турмы працягваецца суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы.

Абвінавачанага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча вярнулі ў залю суду пасьля ўчорашняга выдаленьня да канца працэсу нібыта за «сыстэматычнае парушэньне парадку правядзеньня судовага паседжаньня». Пра гэта паведаміла БелТА.

Таксама ў залю суду вярнулі і раней выдаленага зь яе абвінавачанага Ўладзімера Гундара. Падставай для такога рашэньня стала хадайніцтва боку абвінавачаньня: на думку пракурораў, без удзелу Аўтуховіча і Гундара судовае сьледзтва ня будзе поўным.

Пракурор на паседжаньні пачаў зачытваць абвінавачваньне Аўтуховічу.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў КК Беларусі. Справа налічвае 65 тамоў.

18 траўня ў Горадні пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы. Працэс праходзіць у памяшканьні для суду ў турме №1. Пасьля абеду Аўтуховіча выдалілі з залі суду да канца працэсу.

Справу разглядае судзьдзя Максім Філатаў, паведамляе «Вясна». Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калёніі Вітольду Ашурку, які памёр у траўні 2021 году ў шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах.

18 траўня Аўтуховіча пасьля дзьвюх заўваг суду выдалілі з залі пасяджэньня да заканчэньня працэсу, паведамляе «Вясна».

Пачатак працэсу ў «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022
Пачатак працэсу ў «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022

Галоўнага фігуранта справы Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, 6 зь іх — асабліва цяжкія злачынствы, адзін прадугледжвае найвышэйшую меру пакараньня (расстрэл або пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) — ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу.

Падсудныя знаходзяцца ў некалькіх клетках, для дваіх зрабілі асобныя мэталічныя клеткі, у тым ліку для Мікалая Аўтуховіча і Любові Разановіч, якія, паводле сьледзтва, нібыта зьяўляюцца «асабліва небясьпечнымі».

За што судзяць Аўтуховіча?

Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка неўзабаве заявіў, што Аўтуховіч стварыў банду і «рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне». Прапагандысты зьнялі шэраг сюжэтаў, дзе апавядалі пра нібыта пляны Аўтуховіча рабіць тэракты.

Паводле Генэральнай пракуратуры, Аўтуховічу выставілі наступныя абвінавачаньні:

  • стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
  • замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне выстаўлена толькі Аўтуховічу;
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  • заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
  • замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
  • незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
  • укрываньне цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).

У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і чальцы так званай «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».

Разам з Аўтуховічам судзяць:

  • Паўла Саву
  • Уладзімера Гундара
  • Галіну Дзербыш
  • Вольгу Маёраву
  • Віктара Сьнегура
  • праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам
  • Ірыну Мельхер з сынам Антонам
  • Ірыну Гарачкіну

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG