Агенцтва апублікавала фатаграфіі аўтобусаў і вайскоўцаў у іх, заявіўшы, што некаторыя з украінскіх вайскоўцаў «не выглядалі параненымі».
Украінскі і расейскі бакі пакуль не публікавалі фотаінфармацыю пра вываз вайскоўцаў.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр уначы 17 траўня пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні заблякаваных на тэрыторыі «Азоўсталі» ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле яе слоў, адтуль у мэдустанову ў акупаваным Новаазоўску эвакуавалі 53 цяжкапараненых ваенных. Яшчэ 211 чалавек праз гуманітарны калідор былі дастаўленыя ў Аленеўку.
Тым часам у Сьледчым камітэце РФ ужо заявілі, што плянуюць дапытаць украінскіх абаронцаў «Азоўсталі» і праверыць іх «на датычнасьць да зьдзейсьненых супраць цывільнага насельніцтва Данбасу злачынстваў». Генпракуратура РФ тым часам зьвярнулася ў Вярхоўны суд з просьбай прызнаць полк «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй, паседжаньне пройдзе 26 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Азоўсталі» эвакуавалі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх абмяняюць на расейскіх палонных, — намесьніца міністра абароны ЎкраіныПерад гэтым вечарам 16 траўня камандзір палку «Азоў» Дзяніс Пракапенка заявіў, што абаронцы Марыюпалю выканалі загад для захаваньня жыцьцяў. Які менавіта загад, ён не ўдакладніў. Толькі сказаў, што вайскоўцы Марыюпальскага гарнізону 82 дні «адцягвалі на сябе перавышаючыя сілы праціўніка». І ўказаў на выкананьне «зацьверджанага рашэньня» ад «вышэйшага вайсковага камандаваньня».
Завод «Азоўсталь» стаў апошнім апірышчам абароны ўкраінскіх войскаў у Марыюпалі, пасьля таго як большая частка тэрыторыі гораду перайшла пад кантроль расейскіх вайскоўцаў.
7 траўня ўкраінскія ўлады заявілі пра эвакуацыю з памяшканьняў заводу ўсіх жанчын, дзяцей і пажылых людзей пад эгідай ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Далей пачаліся спробы эвакуацыі вайскоўцаў, сярод якіх, як паведамлялася, каля 600 параненых. Прапаноўвалася, у прыватнасьці, адправіць абаронцаў Марыюпалю ў трэцюю краіну, дзе яны маглі б заставацца да канца вайны. З прапановай забясьпечыць такую эвакуацыю выступала Турэччына. Расея раней настойвала на тым, каб украінскія вайскоўцы здаліся ў палон.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі казаў, што ў Украіны няма магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам.
- Зяленскі ў сваім відэазвароце заявіў: «Дзякуючы дзеяньням украінскіх вайскоўцаў — Узброеных сіл Украіны, выведкі, а таксама перамоўнай групы, Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і ААН, мы спадзяёмся, што здолеем выратаваць жыцьці нашых хлопцаў. Хачу падкрэсьліць, што Ўкраіне патрэбны жывыя ўкраінскія героі. Гэта наш прынцып. Думаю, што кожны адэкватны чалавек зразумее гэтыя словы. Каб вярнуць нашых вайскоўцаў дадому, праца працягваецца, і гэтая праца патрабуе далікатнасьці і часу».