18 красавіка Яне Пінчук у СІЗА-5 Санкт-Пецярбургу прыйшла заява аб экстрадыцыі ў Беларусь. На радзіме ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі — яе абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за адміністраваньне тэлеграм-чату «Віцебск 97%», прызнанага ўладамі экстрэмісцкім.
29 красавіка Васілеастроўскі суд Пецярбургу падоўжыў Яне тэрмін утрыманьня пад вартай.
«Няма такой практыкі, як у Беларусі, што да палітвязьняў не даходзяць перадачы»
Калі прыйшла пастанова аб экстрадыцыі ў Беларусь, у Яны абвастрыўся гастрыт, пагоршылася фізычнае і мэнтальнае здароўе, кажа Мікіта.
«Апошнія некалькі месяцаў гастрыт яе ня моцна трывожыў, бо і лекі была магчымасьць перадаваць, і ў цэлым харчаваньне нармалізавалі, у перадачы я стараўся класьці пабольш карысных прадуктаў: сушаную садавіну, арэхі, рыбу чырвоную — усё, што агулам для здароўя добра. Мы змаглі наладзіць неяк рацыён, каб страўнік не трывожыў яе. Пасьля сустрэчы з адвакатам Яна трошкі супакоілася. Пакуль ёсьць магчымасьць змагацца, рана адчайвацца, панікаваць».
Зь перадачамі ў расейскім СІЗА сытуацыя нармальная, кажа Мікіта. Пакуль усе лекі і прадукты да Яны траплялі.
«У цэлым жа ў Расеі няма ніякіх прэтэнзій да Яны, таму ніхто яе ні ў чым не абмяжоўваў. У Расеі такой практыкі няма, як у Беларусі, што да палітвязьняў не даходзяць перадачы. Тут калі нешта ў цябе не прымаюць, то выкрэсьліваюць і адразу аддаюць назад. Што да лекаў, у Піцеры ёсьць адмысловая аптэка. Яна піша запыт на начальніка СІЗА. Што нельга перадаваць, зь яго выкрэсьліваюць, і запыт аддаюць у гэтую адзіную аптэку, адкуль ужо мне тэлефануюць, каб я аплаціў. На працягу аднаго-двух тыдняў ёй гэта ўсё адвозяць».
Мікіта заўважае, што ніякага ціску на Яну за ўвесь час у СІЗА не было.
«Я сам зьдзіўлены. Тут дастаткова адэкватнае кіраўніцтва, прынамсі тыя, зь якімі я кантактаваў падчас перадач або калі на спатканьні хадзіў. Зразумела, што гэта сілавая структура, але адносна іншых структур, зь якімі я сустракаўся ў Расеі, яны даволі адэкватна сябе паводзілі».
«Яна вучыць гішпанскую мову ў СІЗА»
У Яны зь Мікітам таксама ёсьць свая рамантычная «фішка» — «Маленькая Гішпанія». Цяпер Мікіта заўжды стараецца пакласьці ў перадачу каханай нешта, зьвязанае з Гішпаніяй.
«Да моманту, калі пачалася вайна, можна было нешта купіць і каштавала гэта больш-менш адэкватных грошай, я стараўся кожны раз класьці нейкі хамон, ён прадаваўся тут у крамах. Але цяпер з гэтым ужо складаней — яго, па-першае, няма, перасталі пастаўляць, а па-другое, усё замежнае цяпер каштуе казачных грошай. Я сам некаторы час жыў у Гішпаніі, у мяне там сваякі. У нас зь Янай была мара пераехаць туды, мы да гэтага ішлі, але не пасьпелі, таму ў нас такое трапяткое стаўленьне да гэтай краіны. Яна вучыць гішпанскую мову ў СІЗА, я ня ведаю, адкуль у яе зьявіўся падручнік».
Кнігі перадаць у СІЗА наўпрост нельга, кажа Мікіта.
«Нельга ў перадачы, але можна праз дастаўку Ozon неяк замовіць да СІЗА. Гэта зойме некалькі тыдняў, пакуль яшчэ і цэнзары правераць. Можна яшчэ праз пошту Расеі адправіць. Я пакуль не спрабаваў, Яна не прасіла ніякіх кніг. Бібліятэка ў іх невялікая, але там нешта ёсьць».
Мікіта кажа, што Яне піша шмат людзей.
«У Расеі ёсьць сэрвіс „ФСИН-письмо“. Тым, хто яшчэ не асуджаны, знаходзіцца ў СІЗА, можна пісаць электронныя лісты. Заходзіш на сайт, пішаш ліст, адпраўляеш, можна нават фотаздымак прымацаваць, гэта вельмі зручна. Дарэчы, дастаўляюць яны на працягу 2-3 дзён, хутчэй, чым папяровыя. І вось Яне прыйшоў 391 электронны ліст, 70 папяровых і вельмі шмат паштовак. Вялікая падтрымка з боку людзей, што невымоўна прыемна і вельмі падтрымлівае яе».
Яшчэ больш лістоў Яны Пінчук можна ўбачыць на сайце праекту «Летят письма» .
«Такога вясельля, калі сьведкам будзе супрацоўнік ФСВП Расеі, мы не чакалі»
Мікіта зь Янай пазнаёміліся падчас пратэстаў у Беларусі, бо хлопец шукаў магчымасьці дапамагчы беларусам, які пацярпелі ад рэпрэсій.
«Мне як неабыякаваму чалавеку хацелася дапамагчы беларускаму народу. Я шукаў фонды, дзе можна дапамагчы харчамі, адзеньнем, грашыма, чым заўгодна, і ў Instagram проста наткнуўся на Яну, мы пачалі кантактавацца і вельмі хутка наш дыялёг перайшоў у нейкае рэчышча „спазнаць адно аднаго“. На той момант я жыў у Гішпаніі, літаральна празь месяц пасьля знаёмства я купіў квіток і паляцеў да Яны ў Расею».
«Вельмі рэдка сустрэнеш такога моцнага чалавека, які настолькі нецярпімы да несправядлівасьці, гатовы дапамагаць усім і ўсяляк. Безумоўна, мяне ў першую чаргу ўразіла яе самааддача ў высакародных мэтах».
Мікіта зрабіў Яне прапанову, яшчэ калі дзяўчына была на волі. 15 сакавіка пара расьпісалася ў СІЗА.
«Рашэньне зрабіць шлюбную прапанову зьявілася спантанна. Вось ты проста глядзіш на чалавека і разумееш, што хочаш зьвязаць зь ім сваё жыцьцё. Мы плянавалі ўжо расьпісацца за мяжой, але зацягнулі. Так, такога вясельля мы, вядома, не чакалі, што сьведкам будзе супрацоўнік ФСВП (Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў. — РС) Расеі. Затое ні ў кога іншага, дзякуй Богу, не было такога росьпісу, як у нас. Вось будзем неяк зь сябрамі абмяркоўваць, хто і як ажаніўся, будзе ў нас самая незвычайная гісторыя».
Падчас росьпісу ў Мікіты зь Янай адбылося першае «фізычнае» спатканьне за ўвесь час у СІЗА.
«Упершыню мы маглі фізычна дакрануцца, абняцца, пацалавацца. Да гэтага я быў на пары спатканьняў, дзе мы гаварылі па тэлефоне праз шкло і краты. Увогуле ў Расеі сыстэма такая: калі справу вядзе Сьледчы камітэт, то трэба прыехаць да сьледчага, напісаць заяву, ён паставіць подпіс, пячатку, і з гэтай заявай можна ісьці на спатканьне. Але паколькі ў Яны справа не зусім звычайная, яе вядзе пракуратура, то мне трэба рабіць запыт у пракуратуру праз адваката, і яны даюць адказ на працягу 3-4 тыдняў. Вось я нядаўна атрымаў дазвол на спатканьне, але чакаў адказу месяц, то бок, зусім ня часта можна бачыцца. Увогуле, у Расеі няма ніякіх прэтэнзій да Яны, таму навошта яе „прэсаваць“, псаваць ёй жыцьцё. Але мы ж разумеем, што Яну перасьледуюць з палітычных матываў, а выдача Яны ў лапы беларускага рэжыму — гэта парушэньне міжнародных нормаў».
25 траўня ў Яны адбудзецца суд па абскарджаньні адмовы ў статусе ўцякачкі.
Падтрымаць зьняволеную можна пераводам сродкаў на рахунак. Грошы пойдуць на адвакатаў, ежу, мэдыкамэнты і адзеньне для палітзьняволенай.
Таксама можна напісаць ліст:
Пінчук Яне Вітальеўне 1997
Арсэнальная, д. 11, СІЗА-5, 195009, Санкт-Пецярбург
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусцы Яне Пінчук, якой пагражае экстрадыцыя з Расеі, працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на 3 месяцы