А што, возьмуць і зноў напішуць пра «беларускіх прапагандыстаў» ці «Беларусь зрабіла налёт на беларускую кнігарню». Зноў пра тыя самыя граблі, пра «беларускія ўлады» ці «Беларусь бамбіць Украіну». Пра неназываньне рэчаў сваімі імёнамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу сілавікі затрымалі выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка», забралі 200 кнігЯ зноў пра сваё. Немагчыма правільна апісаць падзеі, калі называць іх не сваімі імёнамі. Дайшло да таго, што карэляцыю поглядаў нашым журналістам праводзяць рэжымныя прапагандысты. Пятлю яны ўжо павесілі — не дапамагло. Ну што цяпер, бегаць за вамі па горадзе з акрываўленай сякерай? На плошчы вас вешаць у жывым эфіры?
Эй, журналістыка, прачніся! Рэсурс ГУБАЗіКа ўжо «за пределом», а ты ўсё пра белага бычка. Дакладней, пра чорна-белага, крывава-мірнага, аксюмароннага. Яны ўжо адкрыта выхваляюцца, што ніякія яны не беларускія, што ненавідзяць і нішчаць яны ўсё беларускае, што Расея яны, расеюшка, гэтыя «беларускія прапагандысты» і «беларускія ўлады». Ім бы Суворава сюды і язык. «Дзе ў вас наш язык? У нас два языкі! А нашага няма».
Яны ўжо і кіпяць ад гэтай самай несправядлівасьці, а ты ўсё называеш іх, як сваіх, як родных, прыродных у тваёй любімай краіне і для твайго ўлюбёнага народу.
Кіпеньне іхнае даводзіць да максымальных аналёгіяў. Пасьля забойства гаўляйтэра Кубэ ў Менску дзеля помсты расстралялі 300 грамадзян. Жыва ўяўляю сабе загалоўкі ў партызанскіх газэтах: «Беларусь расстраляла 300 грамадзян» ці «Беларускія ўлады (а яны ж тады і былі тут уладай) правялі акцыю адплаты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцу Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён арыштуПасьля «зачысткі» ўсіх рэальна беларускіх выдавецтваў і кнігарняў заўважаю, што сытуацыя набывае асаблівыя адценьні, ужо не падобныя нават на НКВД і 1937 год, хоць расстрэлы беларускіх паэтаў яшчэ наперадзе. Стылістыка прапагандыстаў пайшла далей. Вядома, што сталіністы заўсёды зайздросьцілі гітлераўцам. І цяпер палонныя расказвалі, што ГУБАЗіК адкрыта называе сваю кантору «гестапа». З гонарам і ўзьнёсласьцю.
І тут ужо ня толькі пра «расстраляных паэтаў», якія так халерычна вяселяць рэжымнага прапагандыста, варта думаць, але і пра свайго калегу журналіста Юліюса Фучыка трэба ўспомніць, пра ягоныя словы «Людзі, будзьце пільнымі». На жаль, наша Беларусь ужо ўвайшла ў гэтую стылістычную плынь, калі, каб праўдзіва назваць тое, што адбываецца, ні агаворак, ні ўдакладненьняў, ні збліжэньняў быць ня можа.
Ёсьць толькі збліжэньне эпох і фактаў, калі кніжнік Янушкевіч пасьля налёту прапагандыстаў праводзіць ноч у турме і ніхто ня ведае, калі ён адтуль выйдзе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі дзейнасьць двух незалежных выдавецтваў