У Беларусі і Расеі не пакажуць Алімпійскія гульні 2026 і 2028 гадоў

Расеец Ігар Кобзар выступае ў мужчынскім валейбольным матчы за залаты мэдаль паміж зборнымі Францыі і Расеі на Алімпійскіх гульнях 2020 году ў Токіё, 7 жніўня 2021 г.

На фоне вайны ва Ўкраіне Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) моцна дыстанцыяваўся ад Расеі і яе саюзьніцы Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэту, Беларусі і Расеі не дазволяць удзельнічаць у тэндэры на набыцьцё тэлевізійных правоў на паказ Алімпійскіх гульняў 2026 і 2028 гадоў.

У сувязі з гэтым Беларусь і РФ не атрымаюць права на трансьляцыю найбуйнейшых міжнародных комплексных спартыўных спаборніцтваў сучаснасьці.

У 2026 годзе зімовыя Алімпійскія гульні адбудуцца ў Міляне і Картына-д’Ампэцца, летнія спаборніцтвы 2028 пройдуць у Лос-Анджэлесе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў не дапускаць да спаборніцтваў расейцаў і беларусаў

На фоне вайны ва Ўкраіне Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) моцна дыстанцыяваўся ад Расеі і яе саюзьніцы Беларусі. 22 красавіка МАК абвясьціў гэтыя дзьве краіны агрэсарамі ў канфлікце.

У паведамленьні наконт сумеснага візыту прэзыдэнта МАК Томаса Баха, міністра спорту Ўкраіны Вадзіма Гутцайта і ўкраінскага чальца МАК Сяргея Бубкі да ўкраінскіх спартоўцаў, якія трэніруюцца ў Швайцарыі, Камітэт назваў ваенныя дзеяньні вынікам «уварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну пры падтрымцы Беларусі».

28 лютага Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў спартыўным фэдэрацыям не дапускаць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Акрамя гэтага, МАК заклікаў фэдэрацыі не праводзіць свае спаборніцтвы на тэрыторыі Расеі і Беларусі з прычыны вайны ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт упершыню назваў Расею і Беларусь агрэсарамі ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя шахмат забараніла Расеі і Беларусі ўдзел у сваіх спаборніцтвах