Страляніна ў супэрмаркеце амэрыканскага Бафала: загінулі ня менш за 10 чалавек

Паліцыя каля ачэпленага супэрмаркета ў Бафала, дзе адбылася трагічная страляніна, 14 траўня 2022

Акрамя 10 сьмяротных ахвяр яшчэ трое чалавек пацярпелі. Улады абвінавацілі ў атацы «белага супрэматыста», які вёў жывы этэр у сацыяльных сетках.

Улады кажуць, што ўзброены падлетак у тактычным рыштунку адкрыў агонь у ажыўленым супэрмаркеце ў населеным пераважна цёмнаскурымі людзьмі квартале Бафала ў суботу, 14 траўня, забіўшы 10 чалавек і параніўшы трох іншых, піша usatoday.

Чыноўнікі заявілі, што падазраваны — белы 18-гадовы мужчына, ехаў некалькі гадзін па штаце Нью-Ёрк, каб зьдзейсьніць гэты напад, які ён вёў у жывым этэры ў сацыяльных сетках. 11 з 13 застрэленых былі чорнымі, заявіў на прэс-канфэрэнцыі камісар паліцыі Бафала Джозэф Грамалья.

Губэрнатар Кэці Хочул назвала ўзброенага чалавека «прыхільнікам белай расы», які ўчыніў тэракт у другім па велічыні горадзе штату Нью-Ёрк без ваганьняў, пакуль людзі куплялі прадукты.

Падазраваны — Пэйтан Гендран з Конкліна, прыкладна ў 200 мілях на паўднёвы ўсход ад Бафала. Яго затрымалі на месцы і ўзялі пад варту пасьля нападу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў дзіцячым садку ў Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нью-Ёрку арыштавалі падазраванага ў стральбе па пасажырах у гарадзкім мэтро