У Варшаве ў «Беларускім прэс-клюбе» адбылася прэзэнтацыя кнігі філёзафа Ўладзімера Мацкевіча «Свабода і мысьленьне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасьці». Імпрэзу правялі ў дзень нараджэньня Мацкевіча, які ўжо больш за 280 дзён знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітвязьнем.
«Уладзімер ня толькі гаварыў пра Беларусь, а думаў пра яе і дзейнічаў. Дзейнічаць, адрэфлексаваць, а потым напісаць кнігу для ўсіх, якая разварочвае дыскусію ў Беларусі, — гэты ягоны стыль. Нават цяпер, калі ён у турме, мы працягваем ягоныя тэксты абмяркоўваць і думаць пра гэта», — сказала на прэзэнтацыі былая жонка філёзафа Сьвятлана Мацкевіч.
Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч на сустрэчы прызнаўся, што пакуль ня бачыць перадумоў для хуткага вызваленьня палітвязьняў, але спадзяецца, што суд над Мацкевічам адбудзецца як мага хутчэй, і яго перавядуць зь СІЗА ў калёнію, дзе можна больш пісаць і думаць глыбока.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: акадэмічная супольнасьць зьвярнулася ў Вярхоўны суд у справе Мацкевіча, на анарха-партызан ціснуць у СІЗАЖурналіст «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук прыгадаў сваю размову з Мацкевічам, у якой той сказаў, што выбар эміграваць ці не — за кожным чалавекам. Сам Мацкевіч сьвядома выбраў турму. Філёзаф Павал Баркоўскі адзначыў, што пры цяперашнім стане спраў зьняволеньне Мацкевіча не выглядае дзіўным, і гэта папрок грамадзтву, якое дазваляе, каб людзі, якія маглі стаць іх рупарам, сядзяць за кратамі.
Дачка Ўладзімера Мацкевіча Надзея Лучанок на прэзэнтацыі кнігі «Свабода і мысьленьне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасьці» сказала, што частка тэкстаў, зьмешчаных у ёй, аказалася прарочай, яны могуць дапамагчы паглыбіцца і падумаць, а таксама прыняць правільнае для сябе рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь на 7-м месцы ў сьвеце па колькасьці пісьменьнікаў за кратаміМацкевічу выставілі канчатковае абвінавачваньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход», а таксама паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) — за відэазапіс на YouTube-канале.
Трэцяга лютага, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору, Уладзімер Мацкевіч абвясьціў галадоўку. Зь вечара 14 лютага ён адмовіўся прымаць ваду і перайшоў да сухой галадоўкі. На 14-ы дзень Мацкевіч вырашыў спыніць галадоўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу палітзьняволенага Ўладзімера Мацкевіча перадалі ў суд