Саўлі Нійністэ сказаў Уладзіміру Пуціну, што дзеяньні Расеі ў апошнія месяцы прымусілі Фінляндыю зьвярнуць увагу на сваю бясьпеку, таму кіраўніцтва краіны вырашыла пачаць працэс уступленьня ў ваенны саюз. Фінскі прэзыдэнт таксама сказаў, што Хэльсынкі працягне будаваць добрасуседзкія адносіны з Расеяй.
Пуцін у размове з Саўлі Нійністэ адзначыў, што «адмова ад традыцыйнай палітыкі ваеннага нэўтралітэту была б памылковай». Расейскі прэзыдэнт выказаў упэўненасьць, што ніякіх пагрозаў бясьпецы Фінляндыі не існуе, гаворыцца ў паведамленьні Крамля. Пуцін таксама папярэдзіў Нійністэ, што ўступленьне ў NATO можа нэгатыўна адбіцца на двухбаковых адносінах.
Фінляндыя пасьля Другой сусьветнай вайны прытрымлівалася нэўтральнага статуту. Аднак з 1994 года краіна супрацоўнічала з саюзам у рамках праграмы «Партнэрства ў імя міру» і ўдзельнічала ў арганізаванай саюзам місіі ў Аўганістане. Акрамя Фінляндыі ад пазаблёкавага статусу мае намер адмовіцца суседняя Швэцыя.
У пятніцу 13 траўня сталка вядома, што расейскае дзяржаўнае энэргетычнае прадпрыемства «Інтер РАО» з 14 траўня спыняе экспарт электраэнэргіі ў Фінляндыю праз адсутнасьць платы за яе. Пра гэта паведаміла Reuters, спасылаючыся на заяву PAO Nordic, фінскай даччынай кампаніі расейскага прадпрыемства.
«Гэта выключная сытуацыя, яна адбылася ўпершыню больш як за дваццаць гадоў нашай гандлёвай гісторыі», — гаворыцца ў заяве РАО Nordic.
Спыненьне імпарту расейскай электраэнэргіі, паводле Fingrid, фінскага апэратара электраэнэргетычнай сеткі краіны, ня створыць праблемы для фінскіх спажыўцоў, бо электраэнэргія з Расеі складае каля 10% агульнага спажываньня Фінляндыі.
«Адсутны імпарт можа быць заменены на рынку электраэнэргіі за кошт імпарту электраэнэргіі са Швэцыі, а таксама ўнутранай вытворчасьці», — гаворыцца ў паведамленьні Fingrid.
- Генэральны сакратар NATO Ёнс Столтэнбэрг прывітаў заяву лідэраў Фінляндыі і сказаў, што ў выпадку падачы заявак Швэцыя і Фінляндыя будуць хутка і без праблемаў прыняты ў Паўночнаатлянтычны альянс.
- Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер назваў магчымае ўступленьне Фінляндыі ў NATO пагрозай для Расеі. «Чарговае пашырэньне NATO ня робіць наш кантынэнт больш стабільным і бясьпечным», — заявіў ён.
- Адным з абгрунтаваньняў для ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны ў лютым гэтага года расейскія ўлады называлі імкненьне гэтай краіны ўступіць у NATO што, па іх сьцьвярджэньні, нібыта пагражае бясьпецы Расеі.