Украінскія мастакі, музыкі і кінасцэнарысты ня толькі займаюцца валанцёрствам, абараняюць сваю зямлю з аўтаматам у руках, але і працягваюць сваю асноўную працу на культурным фронце. Ва Ўкраіне за два апошнія месяцы зьявіліся дзясяткі новых песень, карцін і відэаролікаў. І ці ледзь не галоўнай зброяй артыстаў для падтрымкі духу і супраць расейскай прапаганды аказаўся гумар, адзначае «Настоящее время».
Украінскія радыёстанцыі ў перапынках паміж навінамі адна за адной прайграюць патрыятычныя трэкі.
У таксі, гандлёвых цэнтрах і нават на дзіцячых пляцоўках гучаць варыяцыі паўстанцкіх песень. Пачынаючы ад «Ленти за лентою» і заканчваючы абляцелай увесь свет «Червоноï калінай».
Украінскія мастакі імгненна рэагуюць на тое, што адбываецца ў краіне. Вось уцалелая пасьля ўдару ў Барадзянцы котка на паштоўцы ў харкаўчанкі Марычкі Рубан:
І ляканічныя, ёмістыя плякаты Мікіты Цітова, якія разыходзяцца па сетцы сотнямі рэпостаў:
«У 2014 годзе Расея ўжо пачала вайну супраць Украіны. І тое, што адбывалася на ўсходзе, усё гэта вельмі паўплывала на мяне. Мне было настолькі балюча, што я ўвесь час спрабаваў сказаць (намаляваць), што адчуваю. Гэтак жа адбываецца і зараз», — Кажа мастак Мікіта Цітоў.
Але больш за ўсё праглядаў у інтэрнэце зьбіраюць саркастычныя відэаролікі. Напрыклад, пераагучаныя на злобу дня фрагмэнты галівудзкіх фільмаў ад Віктара Самахвалава.
Хутка робяцца віруснымі і кароткія іранічныя замалёўкі — як гэтая пра баявых паштальёнаў:
Адзін са сцэнарыстаў скетчу — суаўтар сэрыялаў «Сваты» і «Слуга народа» Юрый Мікуленка — успамінае, што калі зь сябрамі акрыялі ад першага шоку з-за абстрэлаў Кіева, узяліся за тое, што ўмеюць лепш за ўсё — жартаваць: «У нейкі момант усім прыйшло ў галаву, што мы вось умеем самае галоўнае. З гэтых страшных ардынцаў, акупантаў, забойцаў рабіць сьмешных пэрсанажаў. А калі чалавек сьмяецца, калі ён перажывае гэтую эмоцыю сьмеху, усё становіцца не такім страшным».
Украінскі гумар, карціны і песьні робяцца трэндам ва ўсім сьвеце. Пра сагнаныя трактарыстамі расейскія танкі жартуюць амэрыканскія дыпляматы. Гурт Kalush Orchestra, які прадстаўляе Ўкраіну на «Эўравизииі» сёлета, падтрымлівае патрыятычны трэнд.
«Вельмі шмат нашых знаёмых, сяброў, таварышаў робяць падобныя рэчы. Мы лічым, што гэта правільна, таму што гэта аб’ядноўвае ўкраінскіх людзей», — кажа лідэр гурта Kalush Orchestra Алег Псюк. І абяцае адразу пасьля песеннага конкурсу выпусьціць новы трэк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як творча ва Ўкраіне перажываюць вайну і натхняюць іншых ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ паведамілі аб забароне ўкраінскім артыстам наведваць Расею цягам 50 гадоў