Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўнёс у «сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек — гэта жыхары Менску Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў і Аляксандар Мураўёў.
Ім прад’яўлена абвінавачаньне ва ўчыненьні акту тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча (артыкул 359 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Па артыкуле аб зьдзяйсьненьні акту тэрарызму ім пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі (а калі было зьдзейсьнена забойства дзяржаўнага дзеяча, то ад 10 да 25 гадоў пазбаўленьня волі, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне).
Акрамя гэтага, усіх чацьвярых абвінавачваюць у стварэньні арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці альбо ўдзеле ў ёй (арт. 290-4 Крымінальнага кодэксу).
Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў дадаткова абвінавачваюцца ў закліках да санкцый (арт. 361 КК) і распальваньні варожасьці (арт. 130 КК).
Усе чацьвёра праходзяць па крымінальнай справе «Буслы ляцяць», працэс па якой пачнецца 6 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе.
Дваіх зь іх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі — Аляксея Гамезу і Аляксея Дзянісава. 37-гадовага Аляксея Гамезу затрымалі 1 кастрычніка 2021 году, з таго часу ён знаходзіцца ў СІЗА-1. 53-гадовага Аляксея Іванісава затрымалі 29 верасьня 2021 году. Першапачаткова яго вінавацілі ў хуліганстве і групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, але ў сакавіку гэтага году дадалі яшчэ чатыры артыкулы, сярод якіх «акт тэрарызму». Вядома, што Аляксей — былы вайсковец, сувязіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замах на тэрарызм»: як Лукашэнка стварае сваё навамоўеУ сьпісе КДБ асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, ужо больш за два дзясяткі чалавек. Сярод іх лідэрка апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік НАК Павал Латушка, блогер Антон Матолька, былыя сілавікі Ігар Макар, Андрэй Астаповіч, Станіслаў Лупаносаў, Аляксандар Азараў, Уладзімер Жыгар, Мацьвей Купрэйчык, Сяргей Курачкін, Міхаіл Куцко, Ігар Лобан, Сяргей Макар, Алег Талерчык, Сьвятлана Хілько, Сяргей Чубукоў.
Цяпер за спробы замаху на тэрарыстычны акт будуць караць аж да сьмяротнага пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падпадзе пад «расстрэльны» артыкул пасьля зьменаў у Крымінальным кодэксе?