Улады прыпынілі дзейнасьць двух незалежных выдавецтваў

Кастусь Цьвірка, заснавальнік выдавецтва «Кнігазбор»

Міністэрства інфармацыі на тры месяцы прыпыніла дзейнасьць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор».

Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства.

Фармальнай падставай стала парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».

Дзейнасьць выдавецтваў прыпыняецца з 16 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спынілі справу супраць беларускіх кніжных выдавецтваў

Выдавецтва «Лімарыус» заснаваў Аляксандар Фядута, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Героі цёмных часоў». Пачала працу онлайн-фотавыстава пра беларускіх палітвязьняў

Выдавецтва «Кнігазбор» ужо прыцягвала ўвагу сілавікоў летась. Дырэктара выдавецтва Генадзя Вінярскага выклікалі на допыт, рахунак выдавецтва нейкі час быў заблякаваны, але пазьней прэтэнзіі былі зьнятыя.

Раней улады прыпынілі на тры месяцы дзейнасьць выдавецтва «Галіяфы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм на 3 месяцы прыпыніў дзейнасьць беларускага выдавецтва «Галіяфы»