Раніцай 13 траўня Расея экстрадавала ў Беларусь гамельчука Міхаіла Зубкова, якога на радзіме абвінавачваюць у гвалце альбо пагрозе гвалтам супрацоўніку аддзелу ўнутраных спраў (артыкул 364 КК), паведамілі «Медиазоне» ў камітэце «Грамадзянскае садзеяньне».
Гэта пацьвердзіла і ягоная адвакатка Роза Магамедава.
«Так, сёньня а 10-й гадзіне яго адвезьлі на самалёт і перадалі ў Беларусь», — сказала абаронца.
«Генпракуратура РФ задаволіла патрабаваньне беларускіх уладаў аб экстрадыцыі Зубкова. Мы абскардзілі гэтае рашэньне. 3 траўня нам удалося дабіцца забесьпячальных захадаў у рамках правіла 39 рэглямэнту Эўрапейскага суду правоў чалавека. Іншымі словамі, Эўрапейскі суд забараніў экстрадыцыю Міхаіла ў Беларусь», — расказалі ў камітэце «Грамадзянскае садзейнічаньне».
5 траўня суд адхіліў скаргу адваката Зубкова.
Міхаіла Зубкова затрымалі ў Маскве ў кастрычніку 2021 году. Тады было вядома, што ён знаходзіўся ў вышуку ў справе аб гвалце ці пагрозе гвалту міліцыянту. Вядома, што ў верасьні 2020 году ён удзельнічаў у маршы ў Гомлі, пасьля чаго яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Тады гамяльчук правёў 15 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня — па якім артыкуле, не ўдакладнялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з Расеі выдаюць беларусаў, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі Лукашэнкі палююць на беларусаў у Расеі. Расьсьледаваньне BBC ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі беларуса, які быў у вышуку за «гвалт над амапаўцамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі 7 беларусаў, якія шукалі там прытулку. ВІДЭА