Расея больш ня бачыць розьніцы паміж уступленьнем Украіны ў ЭЗ і ў NATO

Уладзімір Зяленскі атрымівае ад старшыні Эўракамісіі Ўрзулі фон дэр Ляен апытальнік для атрыманьня статусу краіны – кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ. Кіеў, 8 красавіка 2022

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква моцна сумняваецца ў «бяскрыўднасьці» імкненьня Ўкраіны ўступіць у Эўразьвяз.

Словы расейскага міністра прыводзіць «Інтэрфакс». Лаўроў выступіў на прэс-канфэрэнцыі ў Душанбэ. Паводле яго, ЭЗ «ператварыўся ў агрэсіўнага, ваяўнічага гульца, які ўжо заяўляе пра свае амбіцыі далёка за межамі эўрапейскага кантынэнту».

Напярэдадні намесьнік пастаяннага прадстаўніка Расеі ў ААН Дзьмітрый Палянскі заявіў, што Расея больш ня бачыць розьніцы паміж уступленнем Украіны ў Эўразьвяз і ў NATO і нэгатыўна ставіцца і да таго, і да другога.

Падчас апошняга на гэты момант вочнага раўнду расейска-ўкраінскіх перамоваў у канцы сакавіка ў Стамбуле абмяркоўваўся нэўтральны статус Украіны, прычым расейскі бок тады ня выказваў пярэчаньняў супраць яго імкненьня ўступіць у ЭЗ (але ня ў NATO).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Аліны Кабаевай, якую называюць грамадзянскай жонкай Пуціна

Паводле Палянскага, усё зьмянілася пасьля слоў кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэпа Бурэля, які выступіў са сьцьвярджэньнем, што вынік вайны Расеі з Украінай будзе вызначаны «на полі бою». Як сказаў расейскі дыплямат, у Маскве цяпер «ня бачаць розьніцы» паміж NATO і ЭЗ.

Бурэль растлумачыў сваё выказваньне ў тым сэнсе, што канфлікт павінен завяршыцца мірнымі дамоўленасьцямі, але зьмест гэтых дамоўленасьцяў будзе залежаць ад таго, хто будзе перамагаць ва ўзброеным супрацьстаяньні. ЭЗ аказвае падтрымку Ўкраіне, падкрэсьліваючы, што ўмовы міру павінен вызначаць менавіта Кіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 2015-м пачалі трэнаваць супрацоўнікаў і ачышчаць бамбасховішчы. Назапасілі ваду і харчы». Інтэрвію гендырэктара «Азоўсталі»

Як заявіў Бурэль у пятніцу, ЭЗ дадаткова выдзяляе 500 мільёнаў эўра на вайсковую дапамогу Ўкраіне. Раней падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» ў Нямеччыне Жузэп Бурэль удакладніў, што дапамога пойдзе на закупкі Кіевам цяжкіх узбраеньняў, такіх як танкі і артылерыя. Перад пачаткам сустрэчы кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ таксама выказаў упэўненасьць, што Эўразьвяз, нягледзячы на пярэчаньні Вугоршчыны, зможа ўхваліць эмбарга на пастаўкі расейскай нафты.

Раней агенцтва Bloomberg паведамляла, што шэраг краін ЭЗ прапануе адкласьці рашэньне аб эмбарга, каб не тармазіць увядзеньне ў сілу іншых палажэньняў шостага пакету санкцый. Рашэньне можа быць прынятае ў панядзелак, калі санкцыі будуць абмяркоўвацца на ўзроўні міністраў замежных спраў краін ЭЗ.

  • Украіна пасьля пачатку расейскага ўварваньня падала афіцыйную заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз. Чакаецца, што ўжо ўлетку яна можа атрымаць статут краіны-кандыдаткі. Пры гэтым украінскія прадстаўнікі заяўлялі, што маглі б адмовіцца ад плянаў уступленьня ў NATO, калі б краіна атрымала іншыя гарантыі бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полк „Азоў“ робіць немагчымае». Што адбываецца ў Марыюпалі і на тэрыторыі заводу «Азоўсталь»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.