Сваім рашэньнем Саэйма скасавала гэты пункт. Рашэньне прынята адразу ў двух чытаньнях. Такім чынам парлямэнт прыбраў легальныя перашкоды для зносу мэмарыяльнага комплексу воінам савецкай арміі і вызваліцелям Рыгі, што ў парку Перамогі ў цэнтры латвійскай сталіцы.
Вакол гэтага комплексу вядуцца спрэчкі шмат гадоў.
«Расея мэтанакіравана ўмацоўвае сёньняшнюю асацыяцыю Расейскай Фэдэрацыі з Савецкім Саюзам — і ў рыторыцы афіцыйных асоб, і ў інфармацыйнай прасторы поўна спроб апраўдаць дзеяньні расейскага войска на Ўкраіне па выкараненьні фашызму і генацыдзе», — заявіў старшыня камісіі Саэймы па замежных справах Рыхард Колс.
Ён быў адным з ініцыятараў галасаваньня.
У парку Перамогі кожны год 9 траўня зьбіраліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, у асноўным расейскамоўных і ўладальнікаў расейскіх пашпартоў. У акцыях актыўны ўдзел брала пасольства Расеі ў Латвіі. Як правіла, праходзіў канцэрт расейскіх зорак.
У той жа час у Латвіі сьвята 9 траўня заўсёды было неадназначным. Для латыскамоўнай і праэўрапейскай часткі насельніцтва сам комплекс і сьвята — сымбаль акупацыі, якая пачалася пасьля таго, як краіны Балтыі апынуліся пад кантролем СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі дыпляматыі краін Балтыі прыбылі ў Кіеў, каб абмеркаваць статус Украіны як кандыдаткі ў Эўразьвяз ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Чэхіі прызнаў генацыдам дзеяньні расейскага войска ва Ўкраіне