Справу разглядае судзьдзя Максім Філатаў, паведамляе «Вясна». Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калёніі Вітольду Ашурку, які памёр у траўні 2021 году ў шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах.
На судовы працэс па «справе Аўтуховіча» пусьцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. Іншых родных у залю судовых паседжаньняў не пусьцілі.
Пасьля абеду Мікалая Аўтуховіча выдалілі з залі суду
Падчас суду Мікалай Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для падсуднай Любові Разановіч. Суд адхіліў хадайніцтва. Аўтуховіча пасьля дзьвюх заўвагаў суду выдалілі з залі пасяджэньня да заканчэньня працэсу, паведамляе «Вясна».
Тым часам судзьдзя зрабіў перапынак, каб лекары агледзелі Любоў Разановіч — яна скардзіцца на боль у скронях.
Галоўнага фігуранта справы Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, 6 зь іх — асабліва цяжкія злачынствы, адзін прадугледжвае найвышэйшую меру пакараньня (расстрэл або пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) — ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу.
Мікалай Аўтуховіч на пачатку працэсу заявіў судзьдзі адвод, запатрабаваў замены Максіма Філатава, аднак заявіў, што будзе заяўляць адвод і любому іншаму судзьдзі, якога прызначаць замест яго, паведамляе @belsat.
Пасьля нарады Філатаў адмовіў у адводзе, бо для гэтага нібыта «няма падстаў».
Падсудныя знаходзяцца ў некалькіх клетках, для дваіх зрабілі асобныя мэталічныя клеткі, у тым ліку для Мікалая Аўтуховіча і Любові Разановіч, якія, паводле сьледзтва, нібыта зьяўляюцца «асабліва небясьпечнымі».
Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў КК Беларусі. Справа налічвае 65 тамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У гэтым не сумняваюцца нават чэкісты». Аўтуховіч пра перамены, турэмныя будні і месца, якое захапляе яго ў БеларусіЗа што судзяць Аўтуховіча?
Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка неўзабаве заявіў, што Аўтуховіч стварыў банду і «рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне». Прапагандысты зьнялі шэраг сюжэтаў, дзе апавядалі пра нібыта пляны Аўтуховіча рабіць тэракты.
Паводле Генэральнай пракуратуры, Аўтуховічу выставілі наступныя абвінавачаньні:
- стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
- замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
- здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне выстаўлена толькі Аўтуховічу;
- распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
- заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
- замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
- акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
- незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
- незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333-1 КК);
- падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
- укрываньне цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).
У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і чальцы так званай «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».
Разам з Аўтуховічам судзяць:
- Паўла Саву
- Уладзімера Гундара
- Галіну Дзербыш
- Вольгу Маёраву
- Віктара Сьнегура
- праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам
- Ірыну Мельхер з сынам Антонам
- Ірыну Гарачкіну
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.