У Гомлі настаўніцы з Чарнігава ампутавалі ногі пасьля раненьня ад расейскіх абстрэлаў, зьбіраюць грошы на пратэзы

Наступствы абстрэлаў у Чарнігаве, красавік 2022

У гомельскай лякарні знаходзіцца 45-гадовая Алена Лутчанка, настаўніца хіміі і біялёгіі чарнігаўскага ліцэю, якая атрымала раненьне пры расейскім абстрэле.

Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і абстрэлаў Чарнігава яна паехала з горада на лецішча, але і там трапіла пад абстрэлы, пацярпеўшы ад выбуху гранаты, паведаміў тэлеграм-канал «Флагшток-Гомельшчына».

Алену эвакуавалі ў Гомель, мэдыкі вымушаныя былі ампутаваць ногі.
Чарнігаўская настаўніца марыць аб пратэзаваньні і вяртаньні да нармальнага жыцьця, але ў Беларусі гэта вельмі дорага і доўга, гавораць валянтэры. Таму яны хочуць дапамагчы Алене трапіць у Італію і адкрылі дабрачынны рахунак для збору дапамогі.

Сама Алена таксама адкрыла старонку ў Instagram для сувязі з тымі, хто жадае ёй дапамагчы. Яе асабісты тэлефон акупанты адабралі пры перасячэньні мяжы Беларусі, таму Алена карыстаецца тэлефонам валянтэраў і не заўсёды можа быць на сувязі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Чарнігаўшчыне, якую абстрэльвалі і зь Беларусі, загінулі больш за 500 і атрымалі раненьні 1 500 мірных грамадзян