Як паведаміла Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Свабодзе, кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі запэўніў яе, што закон будзе перагледжаны і ў ім ня будзе згадкі Беларусі. Паводле яе, таксама міністар сказаў, што амбасада ў Менску неўзабаве зноў будзе выдаваць візы беларусам. Міністар адукацыі сказаў, што дыскрымінацыі беларускіх студэнтаў ня будзе, паведаміла Ціханоўская.
«Мая задача была — данесьці думку, што нельга караць беларусаў за дзеяньні Лукашэнкі, што народ і рэжым гэта не адно і тое ж, што Беларусь і Расея — гэта не адно і тое ж. Трэба ціснуць на рэжым і дапамагаць беларусам, бо беларусы ніякай пагрозы для Чэхі не нясуць. Гэта відавочная практыка Чэхіі ад Масарыка да Вацлава Гаўла. Наадварот, трэба даваць больш візаў, больш стыпэндыяў, адкрываць тое, што ўзмацняе чэска-беларускія сувязі. Мы былі пачутыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: Нельга караць беларусаў за дзеяньні ЛукашэнкіСьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў Чэхіі з трохдзённым візытам, падчас якога мае сустрэчы з прэзыдэнтам, прэм’ерам, кіраўнікамі парлямэнту, мэрам Прагі, ключавымі міністрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пачала візыт у Чэхію. Што плянуецца абмеркавацьНядаўна стала вядома, што МУС Чэхіі ў супрацы з МЗС краіны распрацоўвае закон, які зробіць міграцыю грамадзян Расеі і Беларусі ў Чэхіі, па сутнасьці, немагчымай. Пра гэта паведамлялі беларускія актывісты ў Чэхіі.
Як пішацца ў паведамленьні беларусаў, гэтая інфармацыя раней гучала ў СМІ на ўзроўні плянаў пасьля сканчэньня крызіснага становішча ў сувязі з пандэміяй, але аб распрацоўцы канкрэтнага закону стала вядома толькі ў пятніцу 6 траўня, апошні дзень, калі грамадзкасьці можна было дасылаць заўвагі.
Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ўрад Чэхіі ўжо быў перастаў выдаваць візы беларусам, але пасьля захадаў офісу Сьвятланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў беларускай дыяспары было абвешчана, што рашэньне перагледзяць.
Беларусы Чэхіі таксама накіравалі падзяку ў Міністэрства культуры Чэскай рэспублікі, якое адзінае сярод чэскіх міністэрстваў сфармулявала па зьмесце закону заўвагі, якія адлюстроўваюць пазыцыю беларускай нацыянальнай меншасьці і, у адрозьненьне ад самога закону, улічваюць рэальную сытуацыю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — саўдзельнік у гэтай вайне». Намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША пра санкцыі, дапамогу Ўкраіне і магчымасьць ядзернай вайны