Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пачала візыт у Чэхію. Што плянуецца абмеркаваць


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

10–12 траўня — працоўны візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Чэхію. Палітык хоча паставіць пытаньні аб дапамозе Беларусі, аб легалізацыі і адукацыі для беларускіх уцекачоў.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, прэм’ер-міністрам Пэтрам Фіялам, старшынёй палаты дэпутатаў парлямэнту Маркетай Пэкаравай, старшынёй Сэнату Мілашам Выстрчылам, міністрам замежных спраў Янам Ліпаўскім, мэрам Прагі Здэнекам Гржыбам, міністрам унутраных спраў Вітам Ракушанам і міністрам адукацыі, моладзі і спорту Пэтрам Газьдзікам. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.

Ціханоўская падчас перамоваў паставіла сабе задачы:

  • Вырашыць пытаньні легалізацыі/міграцыі/вучобы беларусаў у Чэхіі;
  • Данесьці да грамадзян Чэхіі, што беларускі народ змагаецца ў гэтай вайне супраць двух дыктатараў — Лукашэнкі і Пуціна — на баку Ўкраіны;
  • Дамагчыся выключэньня беларусаў з закону аб адказнасьці Расеі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Ўкраіне;
  • Захаваць фокус на Беларусі ў парадку дня Эўрапейскага зьвязу, дзе Чэхія пачынае сваё старшынства.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі абмяркуе сытуацыю ў камітэце замежных справаў парлямэнту Чэхіі, возьме ўдзел у сумеснай са старшынёй палаты дэпутатаў парлямэнту Маркетай Пекаравай прэс-канфэрэнцыі, выступіць на штогадовых Эўрапейскіх дыялёгах імя Вацлава Гавэла ў Карлавым унівэрсытэце, прамовіць прывітальнае слова перад пачаткам паказу фільма «Калі кветкі не маўчаць», паўдзельнічае ў дыскусіі ў рамках канфэрэнцыі Forum 2000, сустрэнецца з дыяспарай і дасьць інтэрвію чэскім і міжнародным СМІ.

Сустрэча з дыяспарай пройдзе 11 траўня з 19:30 да 20:30 па адрасе: Прага, Klementinum.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG