На гадавіну сьмерці ў калёніі Вітольда Ашурка праваабаронцы абвясьцілі Дзень палітвязьня ў Беларусі

На 21 траўня заплянавалі акцыі салідарнасьці з 1 186 грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца ў трумах з палітычных матываў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» абвясьціў 21 траўня Днём палітвязьня ў Беларусі.

У гэты дзень год таму ў шклоўскай калёніі № 17 пры нявысьветленых абставінах памёр палітзьняволены актывіст зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі Беларусі і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упаў за дзень да сьмерці, памёр у машыне «хуткай». Выйшаў фільм з дэталямі гібелі Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак — актывіст зь Бярозаўкі Горадзенскай вобласьці, супраць якога ў жніўні 2020-га завялі крымінальную справу за паслявыбарныя падзеі. Судзьдзя суду Лідскага раёну Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда на пяць гадоў зьняволеньня. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калёнію. 21 траўня 2021 году, на 244-ы дзень свайго зьняволеньня, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калёніі. Афіцыйная прычына — спыненьне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зьняволеньня на здароўе ён ня скардзіўся. Родныя дагэтуль ня ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце ягонай сьмерці таксама да гэтага часу няма.

Вітольд быў першым палітзьняволеным за падзеі 2020 году, хто расказаў пра масавае пазначэньне палітвязьняў у калёніях жоўтымі біркамі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісьце на волю:

«Палітычных тут [у шклоўскай калёніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзеньні, і таму палітычных можна адрозьніць здалёк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Вітольда Ашурка пасьмяротна ўганаравалі ўкраінскім крыжом «За годнасьць у палоне»

1 452 чалавекі за два гады атрымалі статус палітвязьня

На гэты момант у Беларусі налічваецца 1 186 палітычных зьняволеных. За кратамі знаходзяцца амаль усе прадстаўнікі беларускага грамадзтва: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, студэнты, рабочыя, былыя чыноўнікі і сілавікі, настаўнікі, культурныя дзеячы, лекары, будаўнікі, навукоўцы і іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калёніі адпраўляюць непаўналетніх, шматдзетных маці, пэнсіянэраў і людзей з захворваньнямі. Палітвязьняў у месцах зьняволеньня ўтрымліваюць у жорсткіх умовах, б'юць, катуюць і не аказваюць неабходнай мэдыцынскай дапамогі.

У сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 году статус палітычнага вязьня атрымалі 1 452 чалавекі, частка зь іх ужо выйшла на волю. Гэта беспрэцэндэнтная сытуацыя ў гісторыі Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Знак паведаміў, што на адзеньне «палітычным» ў калёніі нашываюць жоўтыя трыкутнікі; гукарэжысэр Салееў пакінуў Беларусь

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.