«У гадавіну пажару хачу падзякаваць усім, хто спрычыніўся да аднаўленьня Будслаўскага касьцёла: валянтэрам, ахвярадаўцаў, будаўнікам. Бяз вашай дапамогі было б немагчыма рэалізаваць усё тое, што зроблена за мінулы год. Вялікі вам дзякуй!» — напісаў сёньня ў тэлеграм-канале «Адновім Будслаў разам!» настаяцель храма, ксёндз Дзьмітры Дубовік.
Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, а вада з пажарных брандспойтаў пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
На адбудову касьцёла, па дадзеных на сьнежань 2021 году, неабыякавыя людзі сабралі каля 1 130 160 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы пілігрымаў і Багародзіца з усьмешкай. Чым вядомы беларускі Нотр-Дам?За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.
Аднак да гэтага моманту работы ў аднаўленьні касьцёла ня скончаныя. Для таго, каб займацца рэстаўрацыяй купалаў, касьцёл цалкам зачынілі з 10 траўня па 3 чэрвеня.
«Спадзяёмся, што да 3 чэрвеня пасьпеем скончыць, але магчыма, работы крыху зацягнуцца. Затое да фэсту ўсё будзе гатова!», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі «Адновім Будслаў разам!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч у Будславе: «З табой, Марыя, пабудуем новую Беларусь!»Летась праз наступствы моцнага пажару фэст у Будславе (2 і 3 ліпеня праходзяць ўрачыстасьці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай) праводзілі на вуліцы і з жывой трансьляцыяй.
У 2018 годзе UNESCO уключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх святынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэст у Будславе пасьля пажару праводзяць на вуліцы і з жывой трансьляцыяй