«Пакіньце мяне на лавачцы, буду тут паміраць». Пэнсіянэры з Марыюпалю пра сьмерць у падвалах і «фільтрацыю»

Зруйнаваны расейскімі абстрэламі ўкраінскі горад Марыюпаль, сакавік 2022

Раіса і Анатоль нарадзіліся і жылі ў Благавешчанску на Далёкім Усходзе Расеі. Разам яны са школы. У Марыюпаль пераехалі ў 1966 годзе на запрашэньне сваякоў, працавалі ў мясцовай прамысловасьці. Пра такіх, як яны, кажуць: марыюпальская тэхнічная інтэлігенцыя.

Раіса і Анатоль расказалі праекту Радыё Свабода «Новини Приазов’я» пра тое, як ім амаль у 80 гадоў давялося пешшу прайсьці праз увесь горад, каб эвакуавацца з блякаднага Марыюпалю.

«Выбух — і ўсе гэтыя анучы выляталі»

«Марыюпаль здаўся нам вельмі прыгожым, цёплым горадам, там ужо ў сакавіку цьвітуць каштаны. Было танна, таму мы вырашылі пераехаць на радзіму цесьця. І мы апынуліся тут. Свасе сёлета будзе 85, нам з мужам — 78», — пачала свой аповед Раіса.

Як і большасьць марыюпальцаў, пэнсіянэры не паверылі ў блякаду партовага горада і ў тое, што сталася з жыхарамі пазьней. Муж і жонка ўспамінаюць, як ім давялося жыць і бачыць сьмерць у сутарэньнях Марыюпалю.

— Мы ўсе кашляем... Адтуліны, што былі ў падвале для вэнтыляцыі, толькі заткнем нейкім хламам, тут выбух — і ўсе гэтыя анучы, папера вылятае, як корак з бутэлькі шампанскага. Пастаянныя скразьнякі і пыл.

Мэталюргічны завод «Азоўсталь» у Марыюпалі, дзе абараняюцца ўкраінскія салдаты і дзе расейскія вайскоўцы наносяць пастаянныя авія- і артылерыйскія ўдары. 5 траўня 2022

У падвале, у якім пэнсіянэры жылі больш за месяц, давялося бачыць сьмерць іншых і пахаваньне ў варонках ад снарадаў.

— У падвал з 4-га пад’езду спусьцілі бабулю, яна была такая старэнькая, урэшце яна ў гэтым падвале і памерла. Выцягнулі яе; побач была дзіцячая пляцоўка, куды ўпала некалькі снарадаў, вось у адной з варонак ад снарада мы тую бабулю пахавалі, зьбіўшы крыж. А ў іншых дамах варонкі яшчэ большыя былі, гляджу — там па 3-4 крыжыкі стаяць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён крычаў ад болю». Гісторыя дзёньніка хлопчыка з Марыюпалю

«Мы ішлі па горадзе 4 гадзіны з валізамі і катом»

— Мы ўсе разам выходзілі, але прыйшлі ў эвакуацыйную калёну апошнімі, бо ў мяне заплечнік, тры торбы і кот, вядома. Яму 16 гадоў — кот усё жыцьцё пражыў з намі. Я адрамантаваў пераноску для яго, і дагэтуль зь ёй падарожнічаем. Кот цяпер у Кіеве з намі.

— Прыйшлі апошнія, бо сваха ледзьве хадзіла. Мы амаль дайшлі да «ПортCITY» (месца збору ў Марыюпалі для эвакуацыі. — РС), і сваха кажа:

«Пакіньце мяне на лаўцы, я буду тут паміраць». Яна зьнепрытомнела, а я ёй кажу: «Валечка, я не змагу цябе падняць, у мяне ня хопіць сіл. Знайшлі ёй палку, дык яна абаперлася на той кій, ачулася, і мы пайшлі далей. Зробім 10 крокаў, спынімся. Вельмі цяжка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк «Азоў»: расейцы забілі ня меней за 25 тысяч марыюпальцаў

У выніку марыюпальцы дабраліся да акупаванага Нікольскага, дзе іх разьмясьцілі ў школе.

— Людзей было шмат, людзі сядзелі ў фае і ў клясах. Нехта ляжаў, умоваў не было, сядзелі ў крэслах і спалі ў крэслах. Нас зарэгістравалі і сказалі, што назаўтра будзе «фільтрацыя». З раніцы сталі ў чаргу. Мы доўга стаялі, у мяне падняўся ціск, але мы дачакаліся.

Цалкам інтэрвію можна паглядзець тут:

Адна з найбуйнейшых гуманітарных катастроф расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны адбываецца ў Марыюпалі. З канца лютага горад блякаваны расейскімі вайскоўцамі. Украінскія ўлады заяўляюць, што Расея вывозіць грамадзян Украіны ў свае рэгіёны і на акупаваную частку Данбасу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея прымусова вывезла на сваю тэрыторыю больш за мільён украінцаў

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава 9 траўня заявіла аб прымусовым вывазе Расеяй з тэрыторыі Ўкраіны 1 мільёна 185 тысяч украінскіх грамадзян, у тым ліку больш як 200 тысяч дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва першай у сьвеце прызнала Расею тэрарыстычнай дзяржавай

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.