Памёр першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук

Леанід Краўчук

10 траўня, у 17:00 па кіеўскім часе, пасьля працяглай хваробы пайшоў з жыцьця Леанід Макаравіч Краўчук, першы прэзыдэнт незалежнай Украіны. Паведамляюць пра гэта ўкраінскія СМІ са спасылкай на сям'ю былога прэзыдэнта.

Леанід Краўчук быў першым прэзыдэнтам незалежнай Украіны. Разам з Барысам Ельцыным, прэзыдэнтам Расеі, і Станіславам Шушкевічам, першым лідэрам незалежнай Беларусі, які памёр на мінулым тыдні, Краўчук браў удзел у падпісаньні Белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец існаваньню СССР.

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. 1991 год. Белавеская пушча

У студзені Краўчуку споўнілася 88 год.

У ліпені 2020 года Леанід Краўчук узначаліў украінскую дэлегацыю ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму.

29 чэрвеня 2021 году першы прэзыдэнт Украіны прапусьціў урачыстае паседжаньне Вярхоўнай Рады з нагоды Дня Канстытуцыі з прычыны апэрацыі на сэрцы. Пасьля яго зьмясьцілі ў рэанімацыю і падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Портнікаў: Найлепшай памяцьцю пра нашага першага прэзыдэнта будзе абарона нашай незалежнасьціПамяці Леаніда Краўчука: сышоў апошні белавескі зубар

У ліпені ў СМІ зьявілася інфармацыя, што Леанід Краўчук ужо месяц як у рэанімацыі.

На ўрачыстым паседжаньні Вярхоўнай Рады з нагоды Дня незалежнасьці ў 2021 годзе прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пажадаў Леаніду Краўчуку акрыяньня і моцнага здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 26 гадоў пры ўладзе чалавечага ў Лукашэнку фактычна не засталося», — Леанід Краўчук

У адным з апошніх інтэрвію Радыё Свабода Краўчук сказаў лічыць бессэнсоўным заклікаць Лукашэнку спыніць гвалт у Беларусі і што міжнародная супольнасьць павінна дапамагчы ў вырашэньні палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук: Беларусі трэба мець прабеларускіх кандыдатаў