Гісторыя ўкраінскай дзяўчынкі, якой у Беларусі дасталі кулю з галавы, і яе расстралянай расейцамі сям’і

Алег, Тацяна і Насьця Канчакоўскія, Мікіта Баброў. З чацьвярых пасьля расстрэлу расейскімі салдатамі выжыла толькі малая Насьця, з галавы якой лекары ў Беларусі дасталі кулю

У гэтай украінскай сям’і ад расейскага абстрэлу адразу загінулі 3 чалавекі, уратаваліся толькі двое, бабуля Васіліна і ўнучка Насьця, у якой у галаве засталася куля. Унікальную апэрацыю ёй рабілі ў Беларусі, дасталі кулю з мозгу. Цяпер Насьця з бабуляй у Нямеччыне.

5 красавіка ўкраінскі журналіст Дзьмітры Камароў апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook і Instagram відэа з расстралянымі машынамі на ўзбочыне трасы, прыблізна за 40 кілямэтраў ад Кіева і за 20 кілямэтраў ад Бучы.

«Маладая пара, хлопец і дзяўчына. У лабавое шкло стралялі, забілі людзей. Падысьці не магу, хутка прыбудуць сапёры», — коратка пракамэнтаваў журналіст, стоячы побач са зьнішчаным белым мікрааўтобусам.

Пазьней сваякі пазналі мікрааўтобус і змаглі крок за крокам аднавіць акалічнасьці трагедыі. Два чалавекі, якіх Дзьмітры Камароў прыняў за маладую пару, аказаліся сынам і маці. Яны, а таксама бацька, чыё цела зьнікла і да гэтага часу ня знойдзена, былі забітыя 28 лютага. У машыне былі яшчэ два чалавекі — 5-гадовая Наста і яе бабуля. Іх гісторыю для «Настоящего времени» расказала Анастасія Мізэцкая, сваячка загінулых, якая жыве ў Злучаных Штатах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія лекары зрабілі ўсё магчымае і немагчымае». Параненая ў галаву ўкраінская дзяўчынка ўжо пакінула Беларусь

«Яны ж ня будуць страляць па мірных». Як сям’я апынулася ў мікрааўтобусе пад Кіевам

«Васіліна Мошчанка — сястра маёй бабулі, — расказвае Анастасія Мізэцкая. — Менавіта яна выжыла і апынулася разам з унучкай Настай спачатку ў Беларусі, а цяпер у Нямеччыне. Зь ёй у машыне ехалі яе дачка Таня з мужам Алегам і 18-гадовым сынам Мікітам — яны ўтрох былі забітыя».

Анастасія расказала, што яе сваякі, якія трапілі пад абстрэл, былі шчасьлівай сямʼёй:

«Яны жылі ўсе разам, упяцёх. Мікіта быў чэмпіёнам Украіны па рэгбі. У гэтай сямʼі панавала любоў, паразуменьне. Калі я да іх прыходзіла, яны былі шчодрыя і гасьцінныя. Бабуля Васіліна Мікіту з нараджэньня гадавала. Цяпер для яе сьмерць Мікіты, мусіць, самая вялікая страта. Таня і Алег, вядома, таксама, але Мікіта... проста як сэрца вырвалі ў яе».

Мікіта Баброў

На пытаньне, чаму яе родныя не паехалі на захад, Анастасія адказвае:

«Думаю, не наважыліся, бо там пачалася паніка, кілямэтровыя коркі, і зь дзіцем 5-гадовым ехаць далёка цяжка ў такіх абставінах. Многія людзі думалі, што пад Кіевам у маленькіх сёлах будзе больш бясьпечна. 24 лютага яны паехалі ў вёску і пасяліліся ў прыватным доме. 27-га Таня напісала: «Трохі было горача», а потым: «У нас бамбілі вельмі моцна».

Сям’я сядзела ў хаце і бачыла, як міма праяжджае шмат калён з расейскай вайсковай тэхнікай. Ім было страшна, яны засталіся без вады, сувязі, сьвятла, і менавіта таму вырашылі вярнуцца ў Кіеў. Гэта было 28 лютага, якраз калі былі арганізаваныя самыя першыя перамовы. Яны ж ня будуць страляць па мірных людзях падчас перамоваў — такая была лёгіка.

Таня патэлефанавала сяброўцы, і тая ім праклала маршрут празь вёску Лубянку. Потым ужо высьветлілася, што гэта было жахлівае рашэньне.

У іх быў белы мікрааўтобус, не пасажырскі, Алег яго выкарыстоўваў для працы: развозіў прадукты для рэстаранаў. На ім і рушылі.

Тацяна Канчакоўская

Як загінулі Тацяна, Алег і Мікіта: расказ бабулі

Васіліна Мошчанка расказала сваячцы, што іх машыну расстралялі каля Клаўдзіевага лясьніцтва і вёскі Лубянкі. Яна прыгадала, што расейцы выскачылі зь лесу і расстралялі мікрааўтобус.

«Я крычала: „За што? За што?“. А адзін выйшаў і кажа: „Мы думалі, вы з аўтаматамі ехалі і будзеце страляць“. Гэта былі рускія, бо ён сказаў: „Вы, украінцы, езьдзіце ў сваіх машынах з аўтаматамі“. Накшталт як простыя, і нас расстрэльваеце», — кажа Васіліна.

Журналіст Камароў зьняў відэа мікрааўтобуса 5 красавіка, цела Алега там ужо не было. Яго да гэтага часу так і не знайшлі.

Алег Канчакоўскі, яго цела дагэтуль не знайшлі

Васіліна і Наста: у Нямеччыну празь лякарню ў Беларусі

Па словах Анастасіі, адзін расейскі салдат завёз параненую Насту і Васіліну на базу расейцаў пад Гастомелем.

Там прапанавалі адзіны маршрут — выехаць разам з расейскімі параненымі ў шпіталь у Беларусь. На наступны дзень іх пераправілі ў Беларусь верталётам. Там іх накіравалі ў Мазыр, зрабілі кампутарную тамаграфію і зразумелі, што ў Насты куля ў галаве. Сказалі, такога пляну апэрацыю маленькім дзецям робяць там толькі ў Менску. Арганізавалі рэанімабіль і накіравалі ў Менск, у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нэўрахірургіі. У Беларусі Васілінай і Настай ужо апекавалася ўкраінская амбасада і беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненую ў галаву ўкраінскую дзяўчынку праапэравалі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску. Што пра яе вядома

«Увогуле я хачу сказаць, што беларусы — найлепшыя і самыя бескарысьлівыя, проста неверагодныя нейкія людзі. У Васіліны не было адзеньня, не было грошай асабліва, і для Настачкі нічога не было. Мэдсёстры, лекары скінуліся грашыма, рэчамі. Апэрацыя была вельмі складаная, Насьце раскрылі чарапную каробку, у яе шнар застаўся зыгзагамі, дасталі кулю. Нэўрахірург дзіцячы вышэйшага клясу правёў апэрацыю. Казаў, што гэта было ўпершыню ў ягонай практыцы, калі ён даставаў кулю з галавы дзіцяці. У іх тамака ўсе з чорнымі тварамі хадзілі, увесь пэрсанал быў у шоку. Пасьпяховы вынік быў невідавочны, лекары чакалі разьвіцьця мэнінгіту», — кажа Анастасія.

Цяпер Наста і Васіліна ў Нямеччыне. Па словах сваячкі, у Насты нармальны стан, з мозгам, відаць, усё добра. Яна вельмі актыўная. Але яшчэ ня ведае, што бацькоў і брата няма ў жывых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.