У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.ru зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве, піша Медиазона.
Гэта былі навіны з загалоўкамі «Пуцін разьвязаў адну з кровапралітных войнаў 21 стагодзьдзя», «Уладзімір Пуцін ператварыўся ў бездапаможнага дыктатара і параноіка», «Расейская эліта хворая на кумаўство і падлізьніцтва», а таксама артыкул «Вайной лягчэй прыкрыць правалы ў эканоміцы. Пуцін павінен сысьці. Ён разьвязаў бессэнсоўную вайну і вядзе Расею ў бездань».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на парадзе ў Маскве расказаў аб прычынах вайны з Украінай, але не заявіў пра мабілізацыюУсе артыкулы пачыналіся са словаў аб тым, што «гэты матэрыял ня ўзгоднены з кіраўніцтвам», а за яго публікацыю Адміністрацыя прэзыдэнта пакарае выданьне. У постскрыптуме да артыкулаў за публікацыю бралі на сябе адказнасьць кіраўнік аддзелаў «Экономика» і «Среда обитания» Ягор Палякоў і рэдактар гэтых аддзелаў Аляксандра Мірошнікава.
Крыніца ў выданьні пацьвердзіла, што гэта зрабілі іх супрацоўнікі, замяніўшы тэкст у іншых, ужо апублікаваных навінах.
У сакавіку 2014 году ўладальнік «Афіша-Рамблер-SUP», куды ўваходзіла «Лента.ру», Аляксандар Мамут звольніў галоўнага рэдактара выданьня Галіну Цімчанку і прызначыў замест яе журналіста Аляксея Гараслаўскага. Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як Роскомнадзор вынес «Ленте.ру» папярэджаньне за інтэрвію з адным зь лідэраў украінскага «Правага сэктару». Тады частка каманды на чале зь Цімчанкай заснавала выданьне «Медуза» з рэдакцыяй у Рызе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Азоўсталі» эвакуавалі яшчэ 173 чалавекі, у Марыюпалі ўвялі новыя правілы перамяшчэньня. 75-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныЖурналіст Ягор Палякоў, які апублікаваў навіны, што выклікалі рэзананс, патлумачыў The Insider свае матывы.
«Пасьля масавых блякаваньняў у краіне амаль не засталося мэдыя, якія можна паглядзець без VPN. У нас гіганцкая аўдыторыя, да чаго я ў тым ліку прыклаў шмат намаганьняў, таму мы з Сашай вырашылі, што такі пэрформанс будзе адзіна слушным. Мы адабралі каля 40–45 ключавых выпадкаў \ навін \ фактаў, якія расейскія СМІ пачалі замоўчваць пасьля пачатку вайны, расьпісалі іх максымальна падрабязна і імкнуліся не ўпадаць у „прапаганду наадварот“».
Палякоў мяркуе, што цяпер, пасьля гутаркі з кіраўніцтвам, яны з калегай працаваць больш ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і чаму ў Расеі падтрымлівае вайну? Тлумачэньне расейскага сацыёлягаТаксама 9 траўня ўладальнікі тэлевізараў Smart TV зьвярнулі ўвагу, што ў апісаньнях тэлеканалаў і праграм зьявіліся антываенныя надпісы: «На вашых руках кроў тысяч украінцаў і сотняў іх забітых дзяцей. ТБ і ўлады хлусяць. Не вайне», — гаварылася ў паведамленьні.
Надпіс бачылі абанэнты МТС ТБ, НТВ-плюс, «Ростелекома», а таксама ўладальнікі мэдыяпрайгравальнікаў Winx. Па адной з вэрсій, хакерам удалося ўзламаць убудаваны плэер тэлевізараў Smart TV.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У розных гарадах Расеі затрымалі ўдзельнікаў антываенных акцыйВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.