Галоўнае на гэты момант
- Міністар абароны Вялікай Брытаніі заявіў, што Пуцін і яго атачэньне заплацяць за вайну такую ж цану, якую заплацілі нацысты ў сярэдзіне ХХ ст.
- Пуцін, выступаючы на парадзе ў Маскве, не аб'явіў пра ўсеагульную мабілізацыю на вайну, але зноў згадаў «нацыстаў» і «бандэраўцаў». Лукашэнка на мітынгу ў Менску запэўніў слухачоў у працягу прасейскага курсу.
- Яшчэ 173 чалавекі ўдалося вывезьці з абложанага Марыюпалю. Пры гэтым загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, а шасьцёра атрымалі раненьні.
- Полк «Азоў» зьвярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбай дэблякаваць Марыюпаль.
- Імаверна, каля 60 чалавек загінулі пры авіяналёце на школу на Луганшчыне.
- Прызначаны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці заявіў пра намер увайсьці ў склад Расеі.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 9 траўня
На ўсходзе Ўкраіны расейцы зруйнавалі манастырскі скіт Сьвятагорскай лаўры і музэй філёзафа Скаварады
На мяжы Данецкай і Харкаўскай абласьцей у вёсцы Даліна расейскія абстрэлы зьнішчылі Сьвята-Георгіеўскі скіт, якія знаходзіўся ў падпарадкаваньні Сьвятагорскай лаўры Маскоўскага патрыярхату.
Паводле Дзяржаўнай службы этнапалітыкі і свабоды сумленьня Ўкраіны, з 24 лютага расейцы зьнішчылі ня менш як 116 збудаваньняў духоўнага значэньня без уліку прылеглых будынкаў у 13 абласьцях Украіны: Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Жытомірскай, Запароскай, Луганскай, Львоўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Херсонскай і Чарнігаўскай.
Найбольш пацярпелі праваслаўныя храмы — 91.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўсходзе Ўкраіны расейцы зруйнавалі манастырскі скіт Сьвятагорскай лаўры і музэй філёзафа СкаварадыРасейскія захопнікі ўвялі новыя правілы для марыюпальцаў
Жыхары Марыюпалю могуць перасоўвацца па акупаванай частцы гораду, толькі калі маюць тры даведкі:
- пасьведчаньне аб «фільтрацыі», якое можна ўзяць у акупацыйных «органах унутраных справаў»;
- дазвол на перамяшчэньне па вуліцах горада;
- дазвол на выезд за межы Марыюпаля.
Новыя правілы ўвялі акупацыйныя расейскія ўлады, паведаміла прадстаўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава.
Яшчэ 173 чалавекі эвакуавалі з-пад блякады Марыюпалю і заводу «Азоўсталь»
На падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю ўжо прыбылі 10 аўтобусаў зь людзьмі.
Пра гэта паведаміў Марыюпальская гарадзкая рада на старонцы ў Telegram. У паведамленьні гаворыцца, што дастаць і вывезьці мірных жыхароў з завода ўдалося «цаной трох жыцьцяў нашых салдат і шасьці параненых».
Уцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Антыпуцінская дывэрсія ў ляяльным СМІ
У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.eu зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты расейскага сайту Lenta.ru апублікавалі больш за 10 тэкстаў пра «нікчэмнага дыктатара Пуціна» і вайну ва ЎкраінеУ Маскве 9 траўня адбыўся парад без вайсковай тэхнікі ў гонар афіцыйнага сьвята «Дзень Перамогі»
Пуцін выступіў на парадзе і зрабіў некалькі заяў. Зьвяртаючыся да вайскоўцаў, Пуцін сказаў, што яны змагаюцца за «нашых людзей у Данбасе і за бясьпеку сваёй радзімы»:
«Краіны NATO не захацелі нас пачуць, у іх былі зусім іншыя пляны, вялася падрыхтоўка нападу на Крым, альянс пачаў вайсковае асваеньне прылеглых да нас тэрыторый, усё сьведчыла пра тое, што сутыкненьне з нэанацыстамі і бандэраўцамі будзе непазьбежным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на парадзе ў Маскве расказаў аб прычынах вайны з Украінай, але не заявіў пра мабілізацыюПуцін папрасіў прабачэньня ў прэм’ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў
Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта не сказана.
Першага траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
У Менску 9 траўня правялі афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Перамогі
У сталіцы Беларусі 9 траўня на цэнтральных вуліцах адбылося шэсьце ў гонар перамогі над нацыстамі ў 1945 годзе. На плошчы Перамогі да трыбуны выйшаў Аляксандар Лукашэнка. У сваім выступе ён заявіў, што Беларусь ня маюць права называць агрэсарам, пры гэтым запэўніў, што краіна пад яго кіраўніцтвам будзе далей заставацца вернай хаўрусьніцай Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на сьвяткаваньні 9 траўня: Мы адзіныя з Расеяй; мы не агрэсары, але будзем усяляк падтрымліваць РасеюЯк рэагуе сьвет
Расейскага пасла аблілі фарбай у Варшаве
Інцыдэнт адбыўся, калі расейскі пасол у Польшчы Сяргей Андрэеў спрабаваў з нагоды Дня Перамогі 9 траўня пакласьці вянок на могілках савецкіх салдат у Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага амбасадара ў Варшаве аблілі чырвонай фарбай. ВІДЭАУ Брытаніі гавораць пра тое, што Расея заплаціць за вайну, як у свой час адказала нацысцкая Нямеччына
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес лічыць, што расейскае камандаваньне, як і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, што можна параўнаць зь дзеяньнямі нацысцкага рэжыму падчас Другой сусьветнай вайны, заявіў чыноўнік падчас выступленьня ў Нацыянальным музэі войска ў Лёндане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»Замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі зьбіраюцца патраціць на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў у інтэрвію газэце Financial Times, што краіны ЭЗ павінны сур’ёзна падумаць аб тым, каб перадаць замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны.
«Я вельмі „за“, паколькі гэты крок абсалютна лягічны», — сказаў Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі зьбіраюцца патраціць на пасьляваеннае аднаўленьне ЎкраіныМіжнародны газавы зьвяз прыпыніў сяброўства Расеі
Міжнародны газавы зьвяз (IGU), сябрам якога з боку Расеі зьяўляецца карпарацыя «Газпром», часова, да далейшага апавяшчэньня, прыпыніў любы ўдзел кампаній з Расейскай Фэдэрацыі ў сваёй дзейнасьці. Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік аргкамітэту Міжнароднага газавага кангрэсу, які праводзіць саюз, «у сувязі з гэтым Карэйскі газавы саюз, які прымае Кангрэс у 2022 годзе, ня можа рэалізаваць далейшы ўдзел суб’ектаў РФ: ні для выступаў, ні для ўдзелу дэлегацый, ні для ўдзелу ў выставе ці спонсарстве».
Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне
Кампанія Google выдзеліла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню лжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».
Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.
«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.
Нафтагазавая кампанія Shell прадае свой заправачны бізнэс у Расеі
Пагадненьне яшчэ не падпісана, бакі ў працэсе перамоваў, удакладніў суразмоўца Forbes. Сярод патэнцыйных пакупнікоў — «Лукойл». Раней кампанія спыніла ўсе свае апэрацыі ў Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд
У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, падпалі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.