Мужчыну асудзілі да калёніі за абразу Лукашэнкі ў роліку двухгадовай даўніны
У Речыцы быў абвешчаны прысуд 40-гадоваму Дзянісу Барсукову, паведамляе «Вясна». Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Справу разглядаў судзьдзя Станіслаў Іванюценка.
Барсукова асудзілі за абразу Лукашэнкі ў роліку двухгадовай даўніны на ягоным канале Youtube.
Справа разглядалася падчас закрытага пасяджэньня. Вядома, што Барсукоў прызнаў сваю віну і супрацоўнічаў са сьледзтвам. Са слоў Дзяніса, сілавікі абяцалі, што пакараньне ня будзе зьвязана з пазбаўленьнем волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 траўня: 213 дзён у карцары для анархіста Емельянава, 1.5 года «хіміі» за камэнтар пра «вусатага пацука»Дызайнэрку Vizor Games Галіну Семечку і яе мужа асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту
У Савецкім судзе Менску асудзілі палітзьняволеную дызайнэрку Vizor Games Галіну Семечку і яе мужа Антона Александровіча. Іх абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1. арт. 317-2 (кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіраваньня), паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Аляксандар Волк асудзіў іх да трох гадоў «хатняй хіміі» кожнага. Галіну вызвалілі ў залі суда. 34-гадовую 2D-мастачку з кампаніі Vizor Games Галіну затрымалі 14 сьнежня 2021 году. У той жа дзень затрымалі яе мужа — 37-гадовага Антона Александровіча, але пазьней яго адпусьцілі і выбралі меру стрыманьня, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 траўня: У Баранавічах затрымалі карэспандэнта Intex‑PressБарысаўскі актывіст БСДП ня выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту
Барысаўскі актывіст БСДП Ігар Леднік ня выйшаў на волю пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе Беларуская сацыял-дэмакратычныя партыя (Грамада).
Як паведамлялася раней, на Ігара Ледніка завялі крымінальную справу па ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу (за «паклёп на Лукашэнку»). Таксама зьявілася інфармацыя, што яго хутка могуць перавесьці ў Жодзіна і суд над ім можа адбыцца праз два месяцы. Ледніку пагражае да 5 год пазбаўленьня волі.
Напярэдадні адміністрацыйнага арышту ў сацыял-дэмакрата адбыўся вобшук. Была канфіскавана зарэгістраваная партыйная сымболіка, некалькі асобнікаў аналітычнага часопіса БСДП «Пазыцыя», а таксама некалькі кніг.
Ігару Ледніку 60 год. У яго праблемы з сэрцам, мае другую групу інваліднасьці.
Старонку мазырскай палітзьняволенай Крысьціны Чаранковай у Іnstagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Ініцыяваў працэс у судзе ГУБАЗіК.
«Нічога добрага не чакаю», — паведаміла Крысьціна на волю.
Дзяўчыну затрымалі 22 сакавіка 2022 году і прад’явілі абвінавачаньне ў «распальваньні варожасьці ці варажнечы» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Вядома, што ў Гомельскім СІЗА № 3 Крысьціну паставілі на ўлік як «схільную да экстрэмізму».