Amnesty International: Расея датычная да ваенных злачынстваў пад Кіевам

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш наведвае Бучу каля Кіева, 28 красавіка 2022

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала новы даклад аб ваенных злачынствах, па ўсёй верагоднасьці ўчыненых расейскім войскам паблізу Кіева.

У дакумэнце праваабаронцы расказваюць пра 22 забойствы мірных грамадзян у Бучы і авіяўдары па Барадзянцы, падчас якіх загінулі больш за 40 чалавек.

У справаздачы сьцьвярджаецца, што шэраг забойстваў у Бучы былі ўчыненыя зь вінтовак, якія знаходзяцца на ўзбраеньні «Росгвардии» і спэцназу расейскай арміі. Экспэрты Amnesty International выявілі на месцы забойства рэдкія боепрыпасы, якія звычайна выкарыстоўваюцца для стральбы зь бясшумнага аўтамата «Вал» і бясшумнай снайпэрскай вінтоўкі «Винторез». Ва ўкраінскіх вайскоўцаў такіх патронаў і зброі няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі

Міжнародны крымінальны суд расьсьледуе дзеяньні Расеі на тэрыторыі Ўкраіны на прадмет імаверных ваенных злачынстваў.

Паводле апошніх зьвестак ААН, з пачатку збройнага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны загінулі амаль 3300 чалавек. Каля трох з паловай тысяч атрымалі раненьні.

231 загінулы — дзеці ва ўзросьце да 18 гадоў. Целы 73 забітых дзяцей аказаліся ў такім стане, што нават іх пол было немагчыма ўстанавіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ангельцы на чатырох машынах прыбылі зь Львова». Лукашэнка працягвае расказваць, што злачынствы расейцаў у Бучы — фэйк

ААН таксама асобна прыводзіць зьвесткі пра ахвяр і параненых на тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР». Там забіты 105 чалавек, паранена 417.

Як гаворыцца ў справаздачы, прычынай большай часткі выпадкаў гібелі або раненьня цывільных асоб было ўжываньне выбуховых прыстасаваньняў з шырокай зонай паражэньня, у тым ліку абстрэлы зь цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяцыйныя ўдары.

У ААН адзначаюць, што рэальныя лічбы загінулых могуць аказацца значна большыя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.