Польскага дэзэртыра Чэчку пахавалі ў Вілейскім раёне на могілках польскіх салдатаў, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі

Эміль Чэчка, архіўнае фота

Пахаваньне Эміля Чэчка прайшло 5 траўня на вайсковых могілках у мястэчку Даўгінава Вілейскага раёну, побач з магіламі польскіх вайскоцаў, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі ў 1919–1921 гадоў.

Прадстаўнікоў Польшчы на пахаваньні Эміля Чэчкі не было, як і ягоных сваякоў.

Цела паляка 1,5 месяца знаходзілася ў моргу. У праўладным праваабарончым цэнтры «Сыстэмная праваабарона» патлумачылі, што цела Эміля Чэчкі ў Польшчу не перадавалі: родныя ня выйшлі на сувязь, а польскае пасольства нібыта адмовілася ўзаемадзейнічаць. Пахаваньне арганізавала «Сыстэмная праваабарона».

25-гадовы Чэчка, які ўцёк у Беларусь 16 сьнежня, сьцьвярджаў, што нібыта на мяжы забілі сотні мігрантаў, а ў некаторых забойствах ён браў удзел асабіста. Гэтыя словы ў выніку не былі пацьверджаныя ніякімі доказамі. 21 сьнежня 2021 году Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.

Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі 16 сакавіка ў відэа, у якім ён заявіў, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». Сярод іншага ён сказаў пра размову з псыхолягам. У кадры таксама зьявіўся Дзьмітры Белякоў — кіраўнік створанага ўладамі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый цэнтру «Сыстэмная праваабарона».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі заявіў, што польскі вайсковец-дэзэртэр Эміль Чэчка знойдзены павешаным

Тады Белякоў паведаміў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода. Белякоў сказаў таксама, што Чэчка «актыўна сябе знаходзіць у звычайным беларускім цывільным жыцьці».

На наступны дзень Чэчку знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску пры нявысьветленых абставінах. Сьледчы камітэт тады абяцаў правесьці расьсьледаваньне, аднак за наступныя тыдні не было ніякіх паведамленьняў пра хаду сьледзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля Чэчку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яны ня могуць не хлусіць. Калі мы перастанем пачувацца безь віны вінаватымі