Пакуль улады Ўкраіны рыхтуюць новую эвакуацыю з «Азоўсталі», расейскія войскі пачалі новы штурм

Штурм «Азоўсталі» у Марыюпалі 5 траўня

Расейцы выкарыстоўваюць авіяцыю, артылерыю і пяхоту.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што расейскія войскі працягваюць штурмаваць пляцоўку заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі.

«У Марыюпалі вораг працягвае блякаваньне падразьдзяленьняў Сіл абароны ў раёне „Азоўсталі“. У асобных раёнах пры падтрымцы авіяцыі аднавіў штурмавыя дзеяньні з мэтай узяць пад кантроль тэрыторыю заводу», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Паўло Кавальчук.

Адначасова, паводле яго, расейцы не спыняюць наступу ва ўсходняй апэрацыйнай зоне, каб захапіць цалкам Данецкую і Луганскую вобласьці і ўтрымаць сухапутны калідор між гэтымі тэрыторыямі і акупаваным Крымам.

Полк «Азоў» адбівае атакі пад шчыльным агнём расейцаў

Абаронцы Марыюпалю ўвечар 5 траўня апублікавалі відэазапіс, на якім відаць, што расейцы бесьперапынна абстрэльваюць завод. Над яго пляцоўкай вісіць чорны дым і пэрыядычна відаць узгараньне ад падзеньня бомбаў.

Вайскоўцы полку «Азоў» паведамілі, што расейцы выкарыстоўваюць авіяцыю, артылерыю і пяхоту.

Эвакуацыю прадоўжаць

Увечары 5 траўня ўкраінскія ўлады пацьвердзілі, што з «Азоўсталі» і Марыюпалю цягам двух этапаў вывезьлі каля 500 цывільных грамадзян. Эвакуацыю змаглі арганізаваць пры ўдзеле і каардынацыі прадстаўнікоў ААН і Чырвонага Крыжа.

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук паведаміла, што 6 траўня апоўдні эвакуацыю з Марыюпалю ў Запарожжа працягнуць.

Раней украінскі бок паведамляў, што на «Азоўсталі» хаваецца каля 1 000 цывільных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая эвакуацыя з «Азоўсталі», актыўныя баі на Данбасе і абстрэлы Харкава. 72-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінцы патрабуюць ад уладаў уратаваць абаронцаў Марыюпалю

У камэнтарах да паведамленьняў Ірыны Верашчук аб эвакуацыі з Марыюпалю грамадзяне Ўкраіны патрабуюць ад яе ўратаваць вайскоўцаў, якія цаной свайго жыцьця абараняюць горад.

«Я прапаную сябе ў абмен на жыцьцё майго мужа і іншых абаронцаў... Зразумейце, нарэшце, жонак і маці! Гэта нясьцерпна. Мы ў адчаі. Уратуйце нашых мужоў, яны зрабілі для дзяржавы ўсё!», — напісала адна з карыстальнікаў сацыяльных сетак.

«Немагчыма проста кінуць там нашых герояў. А параненыя людзі... Бязь лекаў, бязь ежы, без вады і без прыпасаў, а што датычыцца зброі, ці дастаткова яе, каб трымаць абарону? Калі ласка, уратуйце... У гэта немагчыма паверыць, што наша краіна пакінула іх паміраць», — піша яшчэ адна ўкраінка.

Грамадзяне Ўкраіны просяць уладу, каб тая залучыла да перамоў аб эвакуацыі абаронцаў Марыюпалю прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана.

«Зрабіце ўсё, каб уратаваць параненых і эвакуаваць вайскоўцаў з „Азоўсталі“! Шукайце такія магчымасьці, бо іх трэба ратаваць. Мы хочам іх бачыць жывымі. Прасіце яшчэ Эрдагана, каб як трэці бок дапамог вырашыць гэтае пытаньне і забраў вайскоўцаў на сваю тэрыторыю па моры», — пішуць украінцы ў сацыяльных сетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З авіяцыяй, артылерыяй і пяхотай ідзе штурм «Азоўсталі», — полк «Азоў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Параненыя салдаты паміраюць у страшных пакутах». Кіраўніцтва палку «Азоў» зьвярнулася да Зяленскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азоўсталь» у Марыюпалі абстрэльваюць бесьперапынна. Улады за два дні эвакуавалі амаль 500 цывільных асобаў