Чаму Лукашэнку не пасуе вобраз голуба міру. Карбалевіч аналізуе інтэрвію Associated Press

Аляксандар Лукашэнка

Апошнім часам Лукашэнка часта дае інтэрвію заходнім мэдыя. Значна часьцей, чым да 2020 году.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што Расея актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну.
  • Лукашэнка імкнецца зьмікшаваць розьніцу паміж дапамогай агрэсару і дапамогай ахвяры агрэсіі.
  • Выразна відаць рэўнасьць да прэзыдэнта Ўкраіны.
  • Заўважная міралюбная рыторыка адносна Ўкраіны і Захаду.
  • Лукашэнка прызнаў, што расейская «спэцапэрацыя» зацягнулася.

Наўрад ці Лукашэнка з дапамогай гэтых інтэрвію імкнецца ў нечым пераканаць заходнюю аўдыторыю. Здаецца, ён разумее, што гэта нерэальна. Мяркую, сэнс гэтых інтэрвію палягае ў самім факце. Маўляў, хоць фармальна там, на Захадзе, мяне і не прызнаюць прэзыдэнтам, але вось гэтае жаданьне вядучых заходніх інфармацыйных рэсурсаў сустрэцца і задаць пытаньні сьведчыць пра прызнаньне Лукашэнкі кіраўніком Беларусі дэ-факта. Для яго гэта важна псыхалягічна.

Што тычыцца зьместу інтэрвію, то, на першы погляд, тут усё як звычайна, па стандартнай схеме. Украіна вінаватая ў вайне, бо правакавала Расею, шуміху вакол Бучы арганізавалі англічане, Зяленскі — марыянэтка Вашынгтона, і інш.

Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што Расея актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну. Раней ён казаў пра нібыта толькі дзьве ракеты, запушчаныя адсюль ва ўкраінскі бок. Цяпер ён кажа, што расейскія войскі — нейкая іх частка — «сапраўды пайшлі ва Ўкраіну». Больш за тое, прагучала двухсэнсоўная фраза, што расейцы «адсачылі і дапамаглі нам паразіць гэтыя чатыры пазыцыі» на тэрыторыі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад можа спаць спакойна»,—Лукашэнка пра раптоўную праверку сіл рэагаваньня ў Беларусі

Пры гэтым Лукашэнка цьвердзіць, што ён такі ж саўдзельнік вайны, як і Захад. Маўляў, я дапамагаю Расеі, заходнія краіны дапамагаюць Украіне. Лукашэнка імкнецца зьмікшаваць розьніцу паміж дапамогай агрэсару і дапамогай ахвяры агрэсіі.

Што тычыцца ягонага стаўленьня да Зяленскага, то тут выразна відаць рэўнасьць да прэзыдэнта Ўкраіны. Бо з самага пачатку ён ставіўся да таго паблажліва, як да малодшага партнэра, палітычнага дзіцяці. Маўляў, які можа быць палітык з коміка, акторыка. І ўжо ніяк ня верыў, што той можа стаць годным лідэрам ваеннага часу. А тут высьветлілася, што Ўкраіна пасьпяхова супраціўляецца «другой арміі сьвету», а яе прэзыдэнт стаў сымбалем гэтага мужнага і неверагоднага змаганьня, самым папулярным палітыкам у сьвеце ў апошнія два месяцы. З рэйтынгам 90%, які Лукашэнку ня сьніўся ў самыя лепшыя для яго часы, ня кажучы пра цяперашні невялікі ўзровень падтрымкі. Адсюль і зайздрасьць.

З інтэрвію высьветлілася, якая роля англічан у гісторыі зьверстваў у Бучы. Аказваецца яны на чатырох машынах «прыбылі з Львова, ажыцьцявілі здымку ў Бучы і потым укінулі ў інфармацыйную прастору». Калі б яны гэтага не зрабілі, то сьвет бы не даведаўся пра гэтае злачынства. Але дзе тут фэйк, у чым правакацыя?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ангельцы на чатырох машынах прыбылі зь Львова». Лукашэнка працягвае расказваць, што злачынствы расейцаў у Бучы — фэйк

У той жа час у інтэрвію Лукашэнкі можна заўважыць і іншыя, хоць і слаба заўважныя, акцэнты.

Амаль два гады Лукашэнка дэманструе ваяўнічую агрэсіўную рыторыку на адрас Захаду, пастаянна пагражае, ладзіць розныя правакацыі, кшталту міграцыйнага крызісу, пужае беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі. А вось цяпер ён запэўніваў у сваім прыродным міралюбстве: «Мы нікому не пагражаем і не зьбіраемся пагражаць і ня будзем гэтага рабіць. Больш за тое, мы ня можам пагражаць — мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, таму разьвязваць нейкі канфлікт, нейкую вайну тут, на Захадзе, абсалютна не ў інтарэсах беларускай дзяржавы. Так што Захад можа спаць спакойна».

І ўвогуле, кажа ён, мы супраць прымяненьня ядзернай зброі і за мір: «Мы катэгарычна не прымаем ніякай вайны. Мы ўсё рабілі і робім цяпер, каб не было вайны. Дзякуючы вашаму пакорнаму слугу, гэта значыць мне, перамовы паміж Украінай і Расеяй пачаліся... Беларусь не зьбіраецца прымаць удзел у расейскай ваеннай спэцыяльнай апэрацыі ва Ўкраіне».

Голуб міру! Хоць да раны прыкладай. Нібыта не з тэрыторыі Беларусі ажыцьцяўляўся масіраваны напад на Ўкраіну.

Чаго ж раптам Лукашэнка так памяняў акцэнты і гатовы раскурыць люльку міру з Захадам? Часткова адказ ёсьць і ў самім інтэрвію. Аказваецца, ён ня думаў, што расейская спэцапэрацыя «зацягнецца такім чынам». «Я хачу яшчэ раз падкрэсьліць: я адчуваю, што гэтая апэрацыя зацягнулася», — заявіў Лукашэнка. І знайшоў тлумачэньне гэтаму прыкраму для яго факту. Бо Беларусь — адзіная краіна, якая стаіць на баку Масквы, а на баку Ўкраіны «аб’ядналіся каля 50 дзяржаў». То бок удваіх супраць усяго сьвету. Глухая міжнародная ізаляцыя — гэта і ёсьць фінал 28-гадовага кіраваньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.