У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», канфэрэнцыя, закліканая дапамагчы Ўкраіне справіцца з эканамічнымі і гуманітарнымі наступствамі расейскага ўварваньня, была арганізавана Польшчай і Швэцыяй у супрацоўніцтве са старшынямі Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай рады.
На прэс-канфэрэнцыі пасьля заканчэньня мерапрыемства Маравецкі даў вышэйшую ацэнку, сказаўшы, што было сабрана больш за 7 мільярдаў эўра. Прадстаўнік МЗС Польшчы пакуль не адказаў на просьбу Reuters патлумачыць сытуацыю.
Такія краіны, як Францыя, Фінляндыя, Чэская Рэспубліка, Харватыя і іншыя, абавязаліся выдзеліць мільёны эўра на падтрымку гуманітарных і ваенных намаганьняў ва Ўкраіне.
Эўракамісія таксама абавязалася выдзеліць 200 мільёнаў эўра на дапамогу перамешчаным асобам ва Ўкраіне, гаворыцца ў заяве.
Пасьля заканчэньня мерапрыемства прэмʼер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што ад пачатку расейскага ўварваньня Ўкраіна атрымала больш за 12 мільярдаў даляраў — як грашыма, так і зброяй.