Тэлеграм-канал праўладнага праваабарончага цэнтру «Системная правозащита» паведаміў пра разьвітаньне з Эмілем Чэчкам. З гэтага вынікае, што цела паляка 1,5 месяца знаходзілася ў моргу.
У цэнтры патлумачылі, што цела Эміля Чэчкі ў Польшчу не перадавалі, яго пахаваюць на польскіх могілках у Вілейскім раёне Менскай вобласьці.
«Родныя ня выйшлі [на сувязь]. Польскае пасольства адмовілася ўзаемадзейнічаць — ім быў накіраваны ліст. Зьвязацца з маці не ўдалося, яе лёс цяпер невядомы, будзем удакладняць інфармацыю. Пахаваньне арганізоўвае наша арганізацыя, — расказаў журналісту Zerkalo.io Дзьмітры Белякоў, дырэктар «Сыстэмнай праваабароны».
25-гадовы Чэчка, які ўцёк у Беларусь 16 сьнежня, сьцьвярджаў, што нібыта на мяжы забілі сотні мігрантаў, а ў некаторых забойствах ён браў удзел асабіста. Гэтыя словы ў выніку не былі пацьверджаныя ніякімі доказамі. 21 сьнежня 2021 году Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.
Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі 16 сакавіка ў відэа, у якім ён заявіў, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». Сярод іншага ён сказаў пра размову з псыхолягам. У кадры таксама зьявіўся Дзьмітры Белякоў — кіраўнік створанага ўладамі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый цэнтру «Системная правозащита».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі заявіў, што польскі вайсковец-дэзэртэр Эміль Чэчка знойдзены павешанымТады Белякоў паведаміў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода. Белякоў сказаў таксама, што Чэчка «актыўна сябе знаходзіць у звычайным беларускім цывільным жыцьці».
На наступны дзень Чэчку знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску пры нявысьветленых абставінах. Сьледчы камітэт тады абяцаў правесьці расьсьледаваньне, аднак за наступныя тыдні не было ніякіх паведамленьняў пра хаду сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля Чэчку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яны ня могуць не хлусіць. Калі мы перастанем пачувацца безь віны вінаватымі