Вольгу Гарбунову абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Раней паведамлялася, што Гарбунову хацелі абвінаваціць яшчэ і паводле трох частак артыкулу 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Шаціла.
Вольгу Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску. Вядома, што пасьля затрыманьня Вольга амаль два тыдні трымала галадоўку. Ейныя блізкія некалькі дзён ня ведалі, дзе яна знаходзіцца. Адвакату не далі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне Вольгі, а допыт яе праводзіўся без прысутнасьці адваката.
Вольга Гарбунова — фэміністка, актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.
На старонцы ў падтрымку зьняволенай Вольгі ў Instagram зьявілася просьба не прыходзіць на суд «па просьбе Волі». Паплечнікі просяць падтрымаць Гарбунову інакш: допісамі ў сацыяльных сетках з гэштэгам #олявмоейжизни.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радзіславы» няма, але вы трымайцеся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разарві ланцугі». На знак салідарнасьці з палітзьняволенай Вольгай Гарбуновай у розных краінах сьвету прайшоў танцавальны флэшмоб