Спэцпасланьніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр, спэцпасланьнік Францыі па Беларусі Нікаля дэ Лякост, а таксама пасол у асаблівых даручэньнях МЗС Літвы Аста Андрыяўскене ўшанавалі памяць Станіслава Станіслававіча Шушкевіча.
Яны ўсклалі кветкі да часовага мэмарыялу, арганізаванага ў Вільні ў Беларускім доме (па адрасе Вільняус, 20), і пакінулі запісы ў жалобнай кнізе ў памяць першага кіраўніка свабоднай Беларусі, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Адзначаецца, што ў Вільні гэта можа зрабіць кожны 5 і 6 траўня, ад 10 раніцы да 20 вечара па адрасе: Вільня, вул. Вільняус, 20.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч. Выбраныя цытатыПершаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.
Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (так званая «лечкамісія») з прычыны наступстваў каранавірусу.
Станіслаў Шушкевіч быў чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук, у 1991–1994 кіраваў Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.
Цырымонія разьвітаньня з выдатным беларускім палітыкам пачнецца 6 траўня (пятніца) а 20:00 і працягнецца да 14:30 7 траўня (субота) у Чырвоным касьцёле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: «Нашы думкі з блізкімі Шушкевіча і народам Беларусі, які працягвае барацьбу за дэмакратычную краіну» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка