6 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Менску пачаўся суд над былым кіраўніком «Аховы птушак Бацькаўшчыны» палітвязьнем Віктарам Фенчуком, паведамляе «Зялёны партал».
Працэс вядзе судзьдзя Алена Мурашка.
Віктару Фенчуку выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яму пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блякаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лёзунгі. Падчас расьсьледаваньня выяўлена яшчэ пяць аналягічных эпізодаў, зьдзейсьненых ім».
Па зьвестках праваабаронцаў, Фянчук наўмысна не пакідаў Беларусь.
«Калі б усе перасталі бегаць, яны перасталі б перасьледаваць нас», — цытуе Фенчука «Зялёны партал».
Віктар Фянчук — прафэсійны арнітоляг, каардынатар праграм Франкфурцкага заалягічнага таварыства. У 2007–2014 гадах узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны», пасьля быў яе супрацоўнікам. Фянчук кіраваў буйнамаштабнымі праектамі ў вывучэньні, захаваньні і аднаўленьні прыродных экасыстэм.
Віктара затрымалі пасьля ператрусу ў менскім офісе арганізацыі 31 жніўня 2021 году. Адразу яго пакаралі «суткамі» ў адміністрацыйнай справе, а потым выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 КК.
19 сакавіка 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі «за экстрэмісцкую дзейнасьць» ліквідавалі «Ахову птушак Бацькаўшчыны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Фенчуку выставілі абвінавачаньне. Што пра яго вядома. ВІДЭА