Разьвітаньне са Станіславам Шушкевічам, які памёр 3 траўня ў 23:35, пачнецца 6 траўня (пятніца) а 20:00 і працягнецца да 14:30 7 траўня (субота) у Чырвоным касьцёле.
Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.
Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (так званая «лечкамісія») з прычыны наступстваў каранавірусу.
Месяц таму ён перахварэў на «омікрон», пры тым што апошнія месяцы знаходзіўся ў кватэры і кантакты былі зьведзеныя да мінімуму.
Станіславу Шушкевічу было 87 гадоў, ён член-карэспандэнт Акадэміі навук, у 1991–1994 быў старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе: цытаты і інтэрвію