Якімі былі найважнейшыя зьдзяйсьненьні на палітычным шляху Станіслава Шушкевіча? У якой ступені яго постаць увасобіла ў сябе супярэчнасьці, дасягненьні і памылкі дэмакратычнай інтэрлюдыі пачатку незалежнасьці? Ці мог ён стаць дыктатарам і ці наканаваная была Беларусі дыктатура?
Над гэтымі пытаньнямі на канале Свабода Premium разважаюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.
Дракахруст:
- Калі яго адправілі ў адстаўку, тагачасны ягоны апанэнт Віктар Ганчар сказаў: «Паў першы белавескі зубар». Гэта было сказана з іроніяй, можа нават са зьдзекам, але ж сапраўды зубар, магутная постаць беларускай гісторыі. Постаць, якая ў нечым увасобіла пачатак беларускай незалежнасьці і 90-я гады, якія хтосьці цяпер праклінае, хтосьці — услаўляе.
Навумчык:
- Гэта быў чалавек чэсны, сумленны, гэта безумоўна.
- Калі гаварыць пра палітычныя дасягненьні — гэта Белавескія пагадненьні, якія паставілі кропку ў існаваньні савецкай імпэрыі. Падкрэсьліваю, што гэта не было абвяшчэньнем беларускай незалежнасьці, як часам кажуць (яна была абвешчана раней, 25 жніўня 1991 году). Але маглі быць самыя розныя варыянты разьвіцьця падзеяў. І тое, што Ельцын, Шушкевіч, Краўчук, Бурбуліс, Кебіч і Фокін падпісалі мірнае пагадненьне пра распад імпэрыі мірным шляхам — гэта, безумоўна, быў важны гістарычны крок. Якраз сёньня, у гэтыя дні, мы можам ацаніць тое, што распад СССР адбыўся мірна.
- З Шушкевічам былі зьвязаныя шмат у каго надзеі на мяжы 1980-х — пачатку 90-х гадоў, але ягоная палітычная біяграфія не абмяжоўваецца гэтым. Прыгадваюць, што ён быў старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, але ён быў і народным дэпутатам СССР з 1989 году, і пасьля сваёй адстаўкі два гады быў «шараговым» дэпутатам, а ў 1996 быў сярод тых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, хто падпісаў зварот у Канстытуцыйны Суд аб імпічмэнце Лукашэнку. І пазьней ён цягам больш як двух дзесяцігодзьдзяў не сыходзіў з палітычнага жыцьця, узначальваў Сацыял-дэмакратычную Грамаду.
Your browser doesn’t support HTML5
Дракахруст:
- Зараз у афіцыйнай гістарыяграфіі адбываецца такая «склейка»: Беларусь атрымала незалежнасьць, Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, і пачалося будаўніцтва гэтай самай незалежнай Беларусі. Але насамрэч інтэрлюдыя трохгадовая (1991–1993) была вельмі важная. Некаторыя кажуць, што ў Беларусі адбывалася амаль тое самае, што і ў Расеі, некаторыя кажуць, што БНФ вёў рэй, але ў тым, што Беларусь да 1994 году была такой, якой яна была, заслуга, а магчыма, і адказнасьць Станіслава Шушкевіча.
Карбалевіч:
- Шушкевіч быў найвышэйшай дзяржаўнай асобай, і тыя дэмакратычныя пераўтварэньні моцна зьвязаныя зь ягонай фігурай.
- Ён адыгрываў ролю своеасаблівага балянсіра, выконваў функцыі кампрамісу паміж рознымі палітычнымі плынямі ў краіне і ў Вярхоўным Савеце — БНФ, з аднаго боку, і былой камуністычнай намэнклятурай, якая гэтыя рэформы тармазіла. Рэформы маглі адбывацца толькі ў выніку кампрамісу паміж гэтымі дзьвюма плынямі.
- У кампраміснасьці Шушкевіча быў ягоны плюс, але ў гэтым быў і ягоны мінус. На мой погляд, гэта клясычная ілюстрацыя лёсу цэнтрыста ва ўмовах нарастаньня сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага крызісу. У гэтым сэнсе ягоны лёс падобны да лёсу такіх фігураў, як Аляксандар Керанскі паміж двума рэвалюцыямі 1917 году ці Міхаіл Гарбачоў падчас «перабудовы». То бок вялізная, шалёная папулярнасьць напачатку і падзеньне гэтай папулярнасьці па меры нарастаньня крызісу.
- Можна гаварыць пра пэўны ідэалізм Шушкевіча, калі ён спрабаваў клясычнымі мэтадамі праводзіць палітыку — гаварыць пра права ў неправавой дзяржаве, ва ўмовах вострага расколу грамадзтва гаварыць пра згоду. (Слова «згода», здаецца, было любімым у Шушкевіча.)
- Самай вялікай праблемай Шушкевіча мне бачыцца, што з гледзішча грамадзтва ён быў «галоўным начальнікам» у краіне. Калі абывацель уключаў тэлевізар, ён бачыў сэсіі ВС, якія вёў Шушкевіч. І хто, у ягоным разуменьні, быў галоўным? Шушкевіч. Гэта надало яму вялікі рэйтынг напачатку, але потым і антырэйтынг: на яго перакінулі ўсю адказнасьць за сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія абрынуліся на краіну ў зьвязку з распадам СССР, распадам плянавай эканомікі, распадам усёй сыстэмы. Тое, што рэальнага ўплыву на стан эканомікі ў Шушкевіча не было, патлумачыць было немагчыма: абывацель лічыў, што адказны той, хто сядзіць у гэтым крэсьле «начальніка».
Навумчык:
- Датычна ўзаемадачыненьня з Апазыцыяй БНФ — было рознае. Нагадаю, што мы распрацавалі больш за тры дзясяткі законапраектаў, якія ўспрымаліся вельмі рэвалюцыйна. Але правесьці іх празь Вярхоўны Савет было цяжка. Часам Шушкевіч, калі ён пагаджаўся з намі, мог «падмануць» дэпутацкую большасьць і правесьці нешта праз галасаваньне, часам ён з намі не пагаджаўся і тады нічога не рабіў. Усялякае было.
- Але, пры ўсіх складанасьцях нашых узаемаадносінаў, у крытычныя для Шушкевіча моманты дэпутаты БНФ заўсёды яго падтрымлівалі. Летам 1993-га ўдалося сарваць спробу прыхільнікаў Кебіча адправіць яго ў адстаўку, але праз год, у студзені 1994-га, калі за адстаўку выступілі ня толькі Ганчар, Булахаў і Лукашэнка, але і Карпенка, і некаторыя іншыя дэпутаты з Дэмклюбу — галасоў дэпутатаў БНФ ужо не хапіла.
- У Шушкевіча было адно важнае перакананьне. Ён быў безумоўна за беларускасьць. Я зраблю параўнаньне зь іншым дэпутатам — Нілам Гілевічам, у беларускасьці якога проста немагчыма сумнявацца. Але Гілевіч верыў у камуністычную ідэю (у якую, думаю, Шушкевіч наўрад ці верыў). Дык вось, немагчыма сумнявацца і ў беларускасьці Шушкевіча. Іншая рэч, што Шушкевіч далёка не заўсёды меў магчымасьць гэтую лінію правесьці.
- Калі глядзець з адлегласьці часу, па вялікім рахунку, з усіх прэтэнзіяў да Шушкевіча я б вылучыў толькі адну — тое, што ў 1992 ён не падтрымаў прапанову БНФ аб новых парлямэнцкіх выбарах. А яны, выбары, далі б нашмат больш дэмакратычны парлямэнт, чым ВС-12, і лёс Беларусі быў бы, перакананы, іншым. Усё астатняе, у чым мы яго часам папракаем, можна сьпісаць на гэтую балянсіроўку паміж рознымі палітычнымі сіламі. А вось тое, што не адбыліся новыя выбары... У інтэрвію Віталю Цыганкову Шушкевіч сказаў, што ён не падтрымаў рэфэрэндум пра новыя выбары таму, што ў гэтым разе ён бы ўжо ня быў сьпікерам. Магчыма, і ня быў бы, а магчыма, і зноў быў бы. Ва ўсякім разе, ён бы адназначна быў бы абраны ў новы Вярхоўны Савет ці, як яго хацелі назваць, Сойм. І я перакананы, што гэта быў бы нашмат больш дэмакратычны парлямэнт, чым ВС-12, і лёс Беларусі быў бы іншы.
Дракахруст:
- Можна прыгадаць казку Шварца, дзе, каб перамагчы дракона, трэба самому стаць драконам. Ці мог бы Шушкевіч, умоўна кажучы, «стаць драконам»? Мог бы ён інтрыгамі, неістотна як, стаць дыктатарам, застацца ва ўладзе і, магчыма, дагэтуль кіраваць Беларусьсю? Ці гэта такі лёс Беларусі — што зь людзьмі кшталту Шушкевіча адбываецца тое, што адбылося з Шушкевічам, а пераможца — гэта дракон?
Карбалевіч:
- Цяжка бачыць Шушкевіча ў ролі дыктатара. Дыктатар — гэта чалавек пэўнага псыхатыпу, для якога ўлада раўназначная жыцьцю. Вось як Аляксандар Лукашэнка, для якога ўлада раўназначная жыцьцю. І для ўлады ён гатовы ахвяраваць вельмі шмат чым. І дзяржаўнасьцю, і нейкімі ўласнымі перакананьнямі, і лёсам людзей, і лёсам краіны. У Шушкевіча ўсё ж сапраўды былі перакананьні. Ягоная беларусацэнтрычнасьць, ягоны курс на беларусізацыю, і ў кірунку дзяржаўнага будаўніцтва, і ў сэнсе культуры.
- Шушкевіч быў арыентаваны на дзяржаўныя інстытуцыі, а не на асабістую ўладу. Ён не спрабаваў апэляваць да грамадзтва цераз галаву дзяржаўных інстытуцыяў, нават калі ягоная ўлада зазнала напад. Гэта было і летам 1993-га, пра што ўзгадваў Сяргей, і ў студзені 1994-га. Ён мог бы апэляваць да грамадзкай падтрымкі, але ён не зрабіў гэтага. Ён верыў у дзяржаўныя інстытуцыі, яму і ў галаву не прыйшло зьвярнуцца да народу з заклікам: «Мяне здымаюць з пасады, выходзьце мяне бараніць», хоць рэйтынг у яго быў даволі высокі. Такі зварот быў бы цалкам у межах дэмакратычных каштоўнасьцяў — але ён яго не зрабіў.
- Ён быў закладнікам прававых мэханізмаў і веры ў дзяржаўныя інстытуцыі, празь якія пераступіць ён проста ня мог.