«Аднойчы я апынуўся разам з Шушкевічам у невялікай беларускай дэлегацыі ў швэдзкім Гётэборгу. Тады і пазнаёміліся зблізку: гулялі па набярэжнай, размаўлялі пра беларускую гісторыю, якую ён добра ведаў. Было прыемна пачуць, што Станіслаў Станіслававіч ня толькі чытаў мае кнігі, але, паводле ягоных словаў, дзясяткі асобнікаў ілюстраванай „Краіны Беларусі“ ў перакладах на ангельскую, нямецкую і расейскую мову падараваў сябрам і калегам ад Паўднёвай Карэі да Лацінскай Амэрыкі.
Неяк увечары ён доўга моўчкі ўзіраўся ўдалеч, дзе мора зьлівалася зь небам у агульную таямнічую прастору, і раптам прамовіў перафразаваны радок вядомага паэта: „Як многа пройдзена дарог...“ Працягу не прагучала, але я падумаў, што наступны радок верша спадар Станіслаў пакінуў бы нязьмененым.
Ён ня быў адназначнай асобаю і бездакорным палітыкам. Але сёньня ня час гаварыць пра памылкі.
Станіслаў Шушкевіч назаўсёды застанецца ў айчыннай і сусьветнай гісторыі. Як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, да вяртаньня якой на палітычную мапу сьвету ён меў беспасярэдняе дачыненьне. Як палітык, што паставіў свой гістарычны подпіс пад Белавескімі пагадненьнямі, якія спынілі існаваньне савецкай імпэрыі.
Ён станецца героем маіх будучых кніг.
Нізкі разьвітальны паклон — і сьветлая памяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча