Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты парлямэнту, зьмены ў КК сэнатары ухвалілі.
Згодна з законапраектам, прапануецца зьмяніць частку 2 артыкула 67, які абвяшчае, што сьмяротнае пакараньне ня можа быць прызначана за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства.
У новай рэдакцыі гэты пункт будзе гучаць наступным чынам:
«Сьмяротнае пакараньне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца, за выключэньнем замаху на зьдзяйсьненьне злачынстваў, прадугледжаных:
- часткай 2 артыкулу 124 (Акт тэрарызму ў дачыненьні прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі);
- часткай 3 артыкулу 126 (Акт міжнароднага тэрарызму);
- часткай 3 артыкулу 289 (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека);
- частка 2 артыкула 359 (Забойства дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча, учыненае ў сувязі зь яго дзяржаўнай або грамадзкай дзейнасьцю ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады).
У цяперашняй рэдакцыі кодэксу таксама ўказана, што сьмяротнае пакараньне прызначаецца «за асабліва цяжкія злачынствы, зьвязаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжлівых абставінах».
Дэпутаты прапанавалі ўдакладніць гэты пункт і дадаць ў яго злачынствы, санкцыя якіх ужо прадугледжвае сьмяротнае пакараньне ў адпаведнасьці зь дзейным КК: ч. 2 арт. 124, ч. 3 арт. 126, ч. 3 арт. 289 і ч. 2 арт. 359.
27 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі законапраект аб зьмяненьнях у Крымінальны кодэкс адразу ў двух чытаньнях. Цяпер, пасьля таго, як законапраект ухвалілі ў Савеце Рэспублікі, яго павінен падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
Зьмяненьні ў Крымінальны кодэкс набудуць моц праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня паправак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка чыноўніка, выступала супраць нэўтралітэту Беларусі. Што за дэпутатка прапанавала новы «расстрэльны» артыкул Крымінальнага кодэксу