Папа Рымскі Францішак паведаміў, што ў выніку размовы з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы патрыярхам Маскоўскім Кірылам вырашылі скасаваць сустрэчу, якая плянавалася на 14 чэрвеня ў Ерусаліме.
«Я 40 хвілін размаўляў з Кірылам па Zoom. Першыя 20 хвілін ён зачытваў зь ліста, які трымаў у руцэ, усе апраўданьні расейскага ўварваньня. Я яго выслухаў і адказаў: я нічога гэтага не разумею. Брат, мы не дзяржаўныя чыноўнікі, мы павінны размаўляць не на мове палітыкі, але на мове Езуса. [...] Таму мы павінны шукаць шляхі да міру, мы павінны спыніць вайну. Патрыярх не павінен апускацца да ўзроўню пуцінскага алтарнага хлопчыка», — сказаў Папа Рымскі ў інтэрвію выданьню Corriere della Sera.
«У нас была прызначаная сустрэча на 14 чэрвеня ў Ерусаліме. Гэта была б наша другая сустрэча, яна ня мела дачыненьня да вайны. Але мы яе адмянілі — мы пагадзіліся, што яна падасьць сьвету ня той сыгнал, які нам патрэбен», — патлумачыў журналістам Папа Рымскі Францішак.
У сярэдзіне лютага старшыня Аддзелу замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў аб падрыхтоўцы другой сустрэчы патрыярха Маскоўскага Кірыла і Папы Рымскага Францішка. Было заяўлена, што сустрэча можа адбыцца ў чэрвені ці ліпені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак: «Няхай мір настане для пакутлівай Украіны, якая так моцна пацярпела ад гвалту і спусташэньня»У інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Sierra кіраўнік Каталіцкай царквы паведаміў, што ўжо ў першы дзень вайны размаўляў па тэлефоне з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Потым ён сустрэўся з амбасадарам Расеі. А вось ад Пуціна адказу так і не паступіла, хаця Ватыкан настойвае на сустрэчы і даўно перадаў жаданьне пантыфіка прыбыць у Маскву.
Папа Рымскі ня можа расцаніць правільнасьць ці няправільнасьць вайсковай падтрымкі Ўкраіны з боку краін NATO. Ён таксама ня мае намеру пакуль наведваць Кіеў.
«У Кіеў я пакуль не паеду. Я паслаў кардынала Міхаэля Чэрнага і кардынала Конрада Краеўскага, якія адправіліся туды чацьвёрты раз. Але я адчуваю, што мне ня трэба ехаць. Спачатку я павінен паехаць у Маскву, спачатку я мушу сустрэцца з Пуціным. Але я таксама сьвятар, што я магу зрабіць? Я раблю тое, што магу. Калі б Пуцін адчыніў дзьверы...» — сказаў пантыфік.
Папа Рымскі адзначыў, што прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан пераконваў яго, што да 9 траўня ўсё скончыцца. Аднак падзеі апошніх дзён паказваюць далейшую эскаляцыю.
«Орбан, калі я зь ім сустрэўся, сказаў мне, што ў расейцаў ёсьць плян, што ўсё скончыцца 9 траўня. Я спадзяюся, што гэта так, каб мы таксама разумелі хуткасьць эскаляцыі ў гэтыя дні. Таму што цяпер ня толькі Данбас, гэта Крым, гэта Адэса, ён забірае ва Ўкраіны чарнаморскі порт, і ўсё. Я пэсіміст, але мы павінны зрабіць любы жэст, каб спыніць вайну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол уладыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.