«Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі 87-гадовы Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня ў 23.35. На сьмерць палітыка адгукнуліся вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы, інтэлектуалы ва ўсім сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка

Рэакцыі ў сьвеце

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа:

«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, першы лідэр свабоднай Беларусі — краіны, якая выбрала эўрапейскую будучыню ў 1991 годзе. Адзін з тых, хто спрыяў мірнаму развалу савецкай імпэрыі. Літва заўсёды будзе паважаць яго за гэтую найважнейшую справу ягонага жыцьця. Жыве Беларусь!»


Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Літвы (пазьней Сэйму) Вітаўтас Ландсбергіс:

«Гэта быў цудоўны, добры чалавек. Шчыры патрыёт сваёй краіны. Ён верыў, што ў Беларусі будзе свабода і дэмакратыя. На жаль, не дачакаўся»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На жаль, Шушкевіч не дачакаўся свабоды для Беларусі», — Вітаўтас Ландсбергіс 

Кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце:

«Засмучана сьмерцю Станіслава Шушкевіча, першага і пакуль адзінага кіраўніка незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Яго подпіс пад дэклярацыяй аб распадзе Савецкага Саюзу будзе жыць у гісторыі, памяць аб ім — у нашых сэрцах. Спачуваньні сям'і #СвабоднаяБеларусь».


Міністар замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч:

«Мае глыбокія спачуваньні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка дзяржавы Беларусь. Мы ў Латвіі шануем яго спадчынай стварэньня незалежнай Беларусі і разбурэньня імпэрыі зла — Савецкага Саюзу».

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў:

«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларусі, якую ён увёў на шлях незалежнасьці і дэмакратыі пасьля распаду СССР. З глыбокім сумам разьвітваюся з праведнікам, адданым свайму народу, сваёй Айчыне, справе свабоды, сябрам Польшчы і вольнага сьвету».

Спэцыяльны прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаньнях Беларусі Нікаля дэ Лякост:

«Крануты сьмерцю мінулай ноччу першага Прэзыдэнта незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, выказваю спачуваньні яго жонцы Ірыне, чальцам яго сямʼі і ўсяму беларускаму народу»

Амбасадарка Джулі Фішэр, спэцыяльная пасланьніца ЗША ў Беларусі:

«Я далучаюся да многіх у Беларусі і па-за яе межамі ў жалобе па сыходзе Станіслава Шушкевіча, лідэра Беларусі ў часе [здабыцьця] незалежнасьці ад СССР. Я выказваю глыбокія спачуваньні яго блізкім».

Любамір Рэгак, амбасадар Славакіі ў Расеі:

«Сумная навіна — адышоў у вечнасьць прафэсар Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Вечны яму супакой, спачуваньні пані Ірыне».

Амбасада Швэцыі ў Менску:

«Беларускі народ панёс вялікую страту. У ноч з 3 на 4 траўня 2022 года пайшоў з жыцьця першы лідэр незалежнай Беларусі, адзін з аўтараў Белавескіх пагадненьняў, што прывялі да распаду Савецкага Саюза, знаны навуковец Станіслаў Шушкевіч. Пасольства Швэцыі выказвае свае шчырыя і глыбокія спачуваньні родным і блізкім выбітнага беларускага палітыка».

Экс-кіраўнік ураду Ўкраіны Вітольд Фокін, які разам зь Леанідам Краўчуком падпісаў Белавескія пагадненьні:

«Я спачуваю беларускаму народу, што з жыцьця пайшоў выбітны дзеяч. Мы няшмат камунікавалі зь ім, але я ведаю, што гэта быў вельмі кампэтэнтны, глыбокі чалавек. Я хацеў бы пажадаць беларусам мірнага неба, дабрабыту і доўгіх гадоў заможнага жыцьця».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я спачуваю беларускаму народу, што з жыцьця пайшоў выбітны дзеяч, — былы прэм’ер Украіны Фокін

Гісторык, дасьледчык постсавецкай прасторы Донаг О’Бічан:

«Са шкадаваньнем даведаўся пра сьмерць Станіслава Шушкевіча, першага постсавецкага кіраўніка Беларусі, якога Лукашэнка перамог у 1994 годзе. Ён таксама быў настаўнікам расейскай мовы ў Лі Гарві Освальда пасьля таго, як той пераехаў у СССР Калі я браў у яго інтэрвію, ён атрымліваў дзяржаўную пэнсію ў 1 эўра ў месяц».


Рэакцыі ў Беларусі

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская:

«Гэта вялікая страта для яго сям’і і для ўсёй нашай краіны. Шушкевіч стаў адным з айцоў беларускай незалежнасьці — ён на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета паспрыяў наданьню Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Менавіта Шушкевіч 25 жніўня 1991 года ў прамой трансьляцыі павіншаваў беларусаў з абвяшчэньнем незалежнасьці. Але Станіслаў Шушкевіч быў не проста першым кіраўніком Беларусі. Ён вядомы вучоны, доктар фізыка-матэматычных навук, былы прарэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён застаў вайну і памятаў, што гэта такое — таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася...

Цяпер беларусы зноў згуртаваліся і аб’ядналіся адной ідэяй. І калі скончыцца акупацыя Беларусі, калі мір, закон і сувэрэнітэт вернуцца ў Беларусь, у беларускіх гарадах абавязкова з’явяцца вуліцы і помнікі Станіславу Шушкевічу — чалавеку, чый шлях да вольнай, мірнай і незалежнай Беларусі мы працягваем дзень за днём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: У беларускіх гарадах абавязкова зьявяцца вуліцы і помнікі Шушкевічу

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

«Зь вялізарным сумам даведалася пра сьмерць вялікага чалавека, добразычлівага, ветлівага, першага старшыні незалежнай Беларусі доктара Станіслава Шушкевіча, — кажа Івонка Сурвіла. — Мела гонар ведаць яго трыццаць гадоў. Апошні раз бачыліся на пахаваньні ў Вільні Кастуся Каліноўскага ў 1919 годзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла: Беларусь страціла вялікага і добрага чалавека

Палітык Зянон Пазьняк:

«Гэта чалавек, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі, асабліва ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу і падпісаньнем Белавескіх пагадненьняў. Гэта вельмі важна. І другое, што б я адзначыў — ён дапамог на сэсіі Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году, каб беларускі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі. Гэта быў выпадак, калі ён гэтаму спрыяў. Безумоўна, што гісторыя будзе по-рознаму ацэньваць яго дзейнасьць, але добрыя якасьці застануцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я нэгатыўна ставіўся да палітыкі Шушкевіча, але прызнаваў ягоныя станоўчыя якасьці», — Зянон Пазьняк

Літаратар Уладзімер Арлоў:

«Станіслаў Шушкевіч назаўсёды застанецца ў айчыннай і сусьветнай гісторыі. Як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, да вяртаньня якой на палітычную мапу сьвету ён меў беспасярэдняе дачыненьне. Як палітык, што паставіў свой гістарычны подпіс пад Белавескімі пагадненьнямі, якія спынілі існаваньне савецкай імпэрыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шушкевіч станецца героем маіх кніг», — Уладзімер Арлоў

Літаратар Сяргей Дубавец:

«Станіслаў Шушкевіч быў свабодным чалавекам. Дзівам апынуўшыся на чале Беларусі, ён паклаў канец СССР, узначаліў сваю краіну і зрабіў яе незалежнай і беларускай. Ніхто з намэнклятуры ні раней, ні цяпер, апыніся на ягоным месцы, ні за што не пайшоў бы на гэта. Свабоднасьць адрозьнівае юнака, здольнага на дзёрзкія ўчынкі, колькі б яму ні было гадоў. Падобна, што С.Шушкевіч заўсёды быў у самаўяўленьні юніёрам – побач з С.Шушкевічам-бацькам. Іншых уражвала, што ён ніколі ні ад каго не адгароджваўся плотам. А ён гэты плот дазваляў маляваць за надкушаны яблык ці белы шарык, напрыклад, і сам быў пэрсанажам кніг Марка Твэна, якія той пісаў «для хлопчыкаў ад 8 да 80«. Вось што падумалася ў гэты дзень – свабода ў табе заўсёды юная. Колькі б там ні было гадоў».

Паліттэхноляг, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі:

«Станіслава Шушкевіча вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру за тое, што распад СССР адбыўся безь вялікай крыві. Ён ня проста апынуўся ў патрэбным месцы, ён пасьлядоўна выступаў за незалежнасьць Беларусі. Гэта запомняць усе, і гэта застанецца ў гісторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Дабравольскі: Мы пачулі прамову Шушкевіча і адразу вырашылі ўступіць у ягоную каманду

Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч:

«Я галасаваў за яго на адзіных сумленных прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Кебіч быў відавочным рудымэнтам БССР, Пазьняк адварочваў ад сябе крайняй ступеньню радыкальнасьці пазыцыі (ён і цяпер такі, толькі без папулярнасьці), Лукашэнка... у маіх вачах выглядаў дасканалым дэмагогам, Жырыноўскім нашага разьліву, якога да рэальнай улады пускаць нельга. Шушкевіч выглядаў інтэлігентам... Таму і прайграў, 9,91%, прайграла і краіна.

Я ўдзячны яму за Віскулі і за наш бязьядзерны статус. Дзякуй, Станіслаў Станіслававіч, хоць мы тады і прайгралі. Дзякуй».

Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак:

«Станіслаў Шушкевіч стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі, але ня стаў першым абраным прэзыдэнтам. Пазьней яго шмат крытыкавалі за тое, што ён не заключыў саюзу з Пазьняком, і яго прама абвінавацілі ў тым, што пры ім узышла дыктатарская зорка Лукашэнкі. Аднак гісторыя ня церпіць умоўнага ладу. Як было б, калі б палітычныя эліты нашай краіны своечасова разгледзелі небясьпеку дыктатуры, мы ня ведаем. Мы бачым і ведаем, як ёсьць сёньня.

Сёньня мы разьвітваемся з чалавекам, які стаў часткай эпохі нашай краіны. Спачывай зь мірам, Станіслаў Станіслававіч. Дзесьці ў Беларусі захоўваецца ваша кніга, якую вы мне падпісалі аднойчы. Я вярнуся і перачытаю».

Пісьменьніца Сьвятлана Курс:

«Даўным-даўно, абвешаная дзіцем і клункамі, я стаяла ў сваім купэ і чакала, пакуль іншыя пасажыры пройдуць і дадуць выйсьці і мне. Міма ішлі розныя прадстаўнікі апазыцыі, і толькі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч спыніўся, прапусьціў, прапанаваў дапамогу. Ён быў вялікі чалавек і такім застанецца. Памятаю яго з Клінтанам у Курапатах. Мілы, просты, годны, невысочанькі, няпатасны, у сваім прафэсарскім палітэчку. Арыстакрат. Помнік яму няхай стаіць на галоўным пляцы сталіцы, але не на пастамэнце і ў чалавечы рост. Каб быў сувымерны, чалавек сярод людзей».

Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў:

«Сёньня ў лепшы сьвет адышоў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыцьцё нашай краіны. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў нашу гісторыю».

Пісьменьнік Алесь Аркуш:

«Заўсёды памятаецца чалавечая дабрыня, салідарнасьць і дапамога. Станіслава Шушкевіча згадваю як простага, спагадлівага чалавека.

У 2005 годзе я сустракаў у аэрапорце „Менск-2“ свайго старэйшага сына, які прылятаў з ЗША, дзе быў у летніку. У мяне былі квіткі на цягнік да Полацка. Часу бракавала. У вакзале аэрапорту пабачыў Станіслава Шушкевіча, ён таксама аднекуль прыляцеў. Я набраўся нахабнасьці, падышоў да яго і спытаў, ці мог бы ён нас падвезьці да Менску, бо спазьняемся на цягнік. Шушкевіч неяк адразу прыязна ўспрыняў нашую просьбу. Кажа, тут павінна мяне сустракаць жонка, зараз дапаможам. Пасадзілі нас у „Волгу“ і імкліва завезьлі адразу да чыгуначнага вакзалу. Па дарозе Станіслаў Станіслававіч расказваў пра сваю паездку ў Карэю (ці ў Японію, ужо ня памятаю), дзе чытаў лекцыі. А я расказаў яму, як браў інтэрвію ў ягонага бацькі.

Сьветлая памяць! Спачуваньне родным і блізкім».

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка:

«Дзякуючы Станіславу Шушкевічу Беларусь стала незалежнай падчас распаду СССР. Падпісаў Белавескія пагадненьні. Шушкевіч да апошняга дня свайго жыцьця змагаўся з Лукашэнкам і адстойваў свабоду Беларусі».

Палітык Андрэй Саньнікаў:

«Уначы пайшоў з жыцьця першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Вялікая страта для беларусаў. Спачывай зь мірам».

Рэакцыя дзяржаўных СМІ

Дзяржаўныя беларускія СМІ, сярод якіх АНТ, БелТА, Sputnik Беларусь, паведамілі аб сьмерці Станіслава Шушкевіча са спасылкай на словы ягонай жонкі Ірыны.

«Ён памёр 3 траўня а 23.35. У яго падаў ціск, і яго не ўдалося выратаваць. Ён двойчы быў у рэанімацыі. Перахварэў на ковід, і гэта наступствы».

Таксама ў навіне аб сьмерці кіраўніка незалежнай Беларусі дзяржСМІ коратка напісалі ягоныя біяграфічныя зьвесткі.

Сьмерць Станіслава Шушкевіча

Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.

Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (так званая «лечкамісія») з прычыны наступстваў каранавірусу.

Месяц таму ён перахварэў на «омікрон», пры тым што апошнія месяцы знаходзіўся ў кватэры і кантакты былі зьведзеныя да мінімуму.

Станіславу Шушкевічу 87 гадоў, ён член-карэспандэнт Акадэміі навук, у 1991–1994 быў старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе: цытаты і інтэрвію