У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па Львове ўвечары 3 траўня былі пашкоджаныя дзьве электрападстанцыі, у частцы гораду няма сьвятла, паведаміў мэр Андрэй Садавы.
Раней сёньня Садавы паведаміў, што ў горадзе чуваць выбухі, а ў некаторых раёнах Львова адключаецца электрычнасьць.
Кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў пра ракетныя ўдары па Львоўскай вобласьці.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, па Львоўскай вобласьці нанесены ракетныя ўдары», — напісаў ён у сваім Тэлеграм-канале.
У выніку ракетнага ўдару, паводле папярэдняй інфармацыі, паранены адзін чалавек, удакладніў Садавы. Ратавальнікі ліквідуюць пажар на адной з электрападстанцый.
Ён заклікаў людзей заставацца ў сховішчах.
Расея, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, заяўляе, што не абстрэльвае мірных жыхароў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы штурм «Азоўсталі» ў Марыюпалі, выбухі ў Белгародзкай вобласьці. 69-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны