Пра гэта генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава напісала ў Фэйсбуку.
«Гэты фатаздымак стаў адным з сымбаляў зьверстваў у Бучы — целы расстраляных мірных жыхароў са зьвязанымі за сьпінай рукамі на вуліцы Яблунскай. На фота тры ахвяры, чацьвёртая забітая ў кадар ня трапіла. Трое атрымалі агнястрэльныя раненьні галавы, а чацьвёрты атрымаў раненьні ва ўнутраныя органы і шкілет. Усе яны сталі ахвярамі акупантаў.
На другім фота — камандзір аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці. На беларускай пошце ён разам з аднапалчанамі адпраўляе нарабаванае ў дамах нашых суайчыньнікаў. Яго „падарунак“ з Украіны Ўльянаўску — капот багажніка. Бучанская пракуратура і паліцыя выявілі, што менавіта гэты вайсковец 18 сакавіка забіў у Бучы чатырох бяззбройных мужчын. 29 сакавіка ён закатаваў яшчэ аднаго цывільнага жыхара, прымушаючы таго прызнацца ў сваёй дывэрсійнай дзейнасьці супраць расейскай арміі.
Ён адвёў праўкраінскага мясцовага жыхара ў падвал, дзе зьбіў яго рукамі, аўтаматам і нажом. Мужчыну даставілі на месца расстрэлу, дзе пры імітацыі расправы стрэлілі каля вуха. У якасьці асобай формы зьдзекаў і запалохваньня ахвяру прымушалі абнюхаць памерлага чалавека.
На падставе сабраных доказаў, паказаньняў пацярпелага і партрэтнай экспэртызы Бучанская раённая пракуратура прад’явіла расгвардзейцу падазрэньне ў жорсткім абыходжаньні з цывільным насельніцтвам і іншых парушэньнях законаў і звычаяў вайны, спалучаных з наўмысным забойствам», — напісала генэральная пракурорка Ўкраіны.
Украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазроны Сяргей Калацей нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказвае, што затым пераехаў у Расею.
Сам Калацей адмаўляе сваю віну, пра што заявіў выданьню «Можем объяснить».
«Я не служу ў Нацгвардыі. Вы што, з глузду зьехалі?» — заявіў ён.
Ён кажа, што ён не грамадзянін Расеі, мае толькі пашпарт Рэспублікі Беларусь, дзе цяпер і знаходзіцца. Мужчына адмаўляе, што апошнім часам наведваў Украіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Ўкраіны абвінаваціла 10 расейскіх вайскоўцаў у злачынствах у Бучы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: зьявілася новае відэа з Бучы, якое пацьвярджае, што трупы на вуліцах гораду былі пры расейскай арміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На сьвеце няма такога моргу, каб зьмясьціць усіх забітых тут». Беларуска цудам вырвалася з Бучы, але вярнулася, каб дапамагаць